Чым шкодны кліматычны скептыцызм?



Сёлетняе надвор’е, нягледзячы на сярэдзіну каляндарнай зімы, беларусаў так і не радуе маразамі і сумётамі снегу. Цеплалюбівыя аптымісты шукаюць у гэтай анамальнай прыроднай з’яве пазітыўныя моманты. Хтосьці выкладае ў сацыяльных сетках фотаздымкі, на якіх людзі – у восеньскай вопратцы і ў летніх туфлях. Аўтамабілісты радуюцца добрым умовам язды без галалёдзіцы. Праціўнікі тэорыі глабальнага пацяплення праз пашукавік GOOGLE і ў гістарычных даведніках знаходзяць факты, якія пацвярджаюць іх глыбокае перакананне ў тым, што цёплая зіма – гэта цалкам сабе звычайная справа. Маўляў, у летапісных згадках за 1492 год таксама гаварылася пра тое, што ў нашай частцы планеты сады цвілі ў студзені і лютым. А нехта звязвае актывізацыю экалагічных зялёных рухаў у старой Еўропе з усюдыіснай рукой Масквы, якая імкнецца закрыць усе вугальныя станцыі, што ўплываюць на выкіды CO2 у атмасферу, каб дабудаваць газаправод “Паўночны паток” і падсадзіць на “блакітную іглу” як мага больш краінаў.

Аднак больш за ўсё хайпу ўзнікае вакол імя шведскай школьніцы Грэты Тунберг, якая, па версіі часопіса “TIME”, стала летась “Чалавекам года”. Гэтая дзяўчынка стала вядомай пасля серыі экалагічных акцый “Школьныя забастоўкі за клімат”, у межах якіх яна пратэставала супраць пасіўнасці чалавецтва ў справе змагання з прычынамі глабальнага пацяплення. Паступова, дзякуючы асвятленню яе акцый у СМІ, яна дабілася выступаў на статусных міжнародных пляцоўках кшталту саміта ААН па клімату, Давоскага форума і перад дэпутатамі Еўрапарламенту, дзе крытыкавала палітыкаў за спажывецкае стаўленне да прыроды. У выказваннях і ўчынках Грэты – многа дзіцячай непасрэднасці і павярхоўнасці. Асабліва кпяць яе апаненты з нагоды таго, што яна, спрабуючы зменшыць “вуглеродны след”, пераканала сваю сям’ю адмовіцца ад авіяпералётаў і стаць веганамі.

У беларускім сегменце сацсетак распаўсюджаны калаж, на якім адлюстраваныя два вядомыя барацьбіты за планетарную экалогію: Грэта і канструктар Боян Слат. Нідэрландскі юнак Боян Слат з’яўляецца распрацоўшчыкам катамарана, які збірае ў адкрытым акіяне да 50 тон пластыкавага смецця ў дзень і пры гэтым працуе ад энергіі сонца. Гэты калаж суправаджаецца надпісам: “Грэту назвалі “Чалавекам года” за крыкі з трыбуны ААН, а вынаходнік Боян Слат застаўся без якой-кольвек увагі”. Дзіўнае супрацьпастаўленне не засмучае людзей, якія бяздумна рэпосцяць гэтую карцінку. Абодва маладзёны наўрад ці мысляць у такіх катэгорыях, працуючы па-рознаму дзеля агульнай мэты. Нешта падказвае, што слава Грэты Тунберг наўрад ці перашкаджае Бояну Слату займацца сваімі карыснымі справамі. І наадварот. Але нянавісць да шведскай школьніцы настолькі моцная, што асляпляе нават адукаваных людзей.

Кандыдат гістарычных навук і географ Павел Церашковіч у нашумелым артыкуле “Спёка, улада, грамадства. Тэзы пра клімат і палітыку ў эпоху глабальнага пацяплення” звяртае ўвагу чытача на тое, што Беларусь дагэтуль “застаецца па-за межамі глабальнага парадку абмеркавання кліматычных зменаў”. У якасці ілюстрацыі неразумення беларускім грамадствам незваротных працэсаў, як зазначае аўтар матэрыяла, – агрэсіўная рэакцыя карыстальнікаў сацсетак на выступ Грэты Тунберг на кліматычным саміце ААН.

Адмаўленне відавочных зменаў у клімаце, што выяўляецца ў маласнежных зімах і засушлівых летніх перыядах, гібелі хвойных лясоў на поўдні Беларусі, паніжэнні ўзроўню вады ў рэках і знікненне грунтовых водаў – гэта толькі вяршыня айсберга. Можна колькі заўгодна пацяшацца з “недалёкай” Грэты, але рана ці позна прырода прымусіць паверыць у глабальнае пацяпленне самых упартых кліматычных скептыкаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ