Чым выкліканая ўвага медыягігантаў да Беларусі?



Выданне Bloomberg прамым тэкстам піша пра тое, што менавіта адмова Аляксандра Лукашэнкі ад паглыбленай інтэграцыі Беларусі з РФ, у выніку чаго мелася паўстаць новая звышдзяржава, прывяла да абвяшчэння канстытуцыйнай рэформы ў Расеі.

А вось у рэдактарскай калонцы Washington Post выйшла досыць цікавая публікацыя, якая адлюстроўвае эвалюцыю поглядаў калектыўнага Захаду на Беларусь. Асноўны месыдж публікацыі – у тым, што Уладзімір Пуцін па-сур’ёзнаму ўзяўся вырашаць пытанне “паглыбленай інтэграцыі”, а здольны супрацьстаяць яму толькі маласімпатычны, але эфектыўны аўтакрат Аляксандр Лукашэнка. Такі сабе вобраз дзядзечкі Джозэфа Сталіна ў амерыканскіх СМІ ў перыяд супрацы заходняй кааліцыі з СССР у гады ІІ Сусветнай. У матэрыяле, разлічаным на англамоўную публіку, вядома, не раскрываюцца асноўныя этапы станаўлення беларускага рэжыму і спецыфіка рэпрэсіўных практык, але акцэнтуецца ўвага на тым, што геапалітычная сітуацыя змянілася, у звязку з чым у Беларусі засталіся два варыянты: увайсці ў Расею альбо пачаць станавіцца сапраўды незалежнай дзяржавай. Выглядае на тое, што на першы варыянт не згодныя нават праўладныя колы. Адпаведна, адзінай магчымасцю для выжывання Беларусі ў рэжыме суверэннай краіны застаецца правядзенне балючых эканамічных рэформаў. Аўтар заклікае ЗША і ЕЗ падтрымаць Беларусь, калі дзяржава наважыцца пайсці на шокавыя рэформы.

Сам факт узгадвання Беларусі на старонках WP і Bloomberg у кантэксце рэалій новай халоднай вайны Захада і Расеі мае два бакі. З аднаго боку, несумненным пазітывам ёсць тое, што нашая дзяржава пачынае ўспрымацца як суб’ект геапалітыкі, які можа прымаць самастойныя рашэнні пра сваю будучыню. З іншага боку, увага вядучых краін свету да пагроз беларускай дзяржаўнасці паказвае насамрэч высокі ўзровень небяспекі для існавання Беларусі. Здаецца, такія сігналы павінны быць абнадзейваючым фактарам для беларусаў у плане таго, што ў выпадку патрэбы яны не застануцца сам насам з агрэсіўным суседам. Аднак на практыцы ўвага Захаду, не падмацаваная істотнымі гарантыямі вайсковай падтрымкі і фінансавымі стымуламі, можа толькі справакаваць Крэмль на больш рашучыя дзеянні ў плане паглынання. Адпаведна, мы знаходзімся ў пераломным моманце, калі ад рашэнняў уладаў і рэакцый грамадзянскай супольнасці залежыць будучыня краіны. Лепш за ўсё, калі дзеянні ўсіх актараў, зацікаўленых па розных прычынах у існаванні незалежнай Беларусі, будуць сінхранізаванымі. Толькі такая мадэль дазволіла б эфектыўна выкарыстоўваць абмежаваныя рэсурсы. Але канкрэтна цяпер уявіць кааперацыю структураў грамадства і ўладаў, заклапочаных выключна самазахаваннем, цяжкавата. Цяперашняе кіраўніцтва краіны не гатовае ні тое што руку падаць сваім ідэйным апанентам, але і пайсці нават на сімвалічныя крокі ў плане забеспячэння роўнасці функцыянавання беларускай і рускай моваў. Калі казаць пра іншы стратэгічна важны напрамак абароны дзяржавы (інфармацыйную прастору), то тут улады яўна граюць на баку крамлёўскіх інфармацыйных агентаў, калі адной рукой ціснуць нешматлікія незалежныя СМІ, а іншай бласлаўляюць прапагандысцкія рэсурсы чужой краіны і закупляюць расейскі кантэнт для дзяржаўных тэлеканалаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ