Cвабоднае жыццё ў несвабодным Кыргызстане



У саматужным кліпе “Дзяўчына”, знятым на фоне гор і азёраў Кыргызстана, некалькі маладых дзяўчат танчаць у традыцыйным адзенні. Некаторыя – у хіджабах. Сярод іх раз-пораз з’яўляюцца дзяўчаты сучаснай знешнасці з пірсінгам на твары, фарбаванымі валасамі. Тэкст песні ў перакладзе не нясе ніякага рэвалюцыйнага зместу. “Паважай мяне, я маю права на свабоду слова, будзь побач са мной”, — гучаць рэфрэнам заклікі. Інакш кажучы, ніякага радыкальнага феменізму. Але з пункту гледжання кансерватыўнай часткі мужчынскага насельніцтва Кыргызстану гэтай бяскрыўднай спробы хапіла, каб абвясціць вайну спявачцы, а некаторыя каментатары размясцілі пад відэаролікам прамыя пагрозы з абяцаннем адрэзаць “распусніцы” галаву.

Сама аўтарка кліпа ў інтэрв’ю «Радыё Свабода» заявіла, што прагназавала негатыўнае стаўленне да свайго кліпа. “Амаль 90% дзяўчат у Кыргызстане … сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на вуліцы, працы альбо дома”, —гаворыць спявачка. Эксперты ААН пацвярджаюць гэтае выказванне фактамі. У прыватнасці, у шматлікіх справаздачах гаворыцца, што кожная 10-я жыхарка Кыргызстана выдаецца замуж да 18-гадовага ўзроста. Кожная пятая кіргізка дагэтуль уступае ў шлюб па прымусе, як тое прадугледжвае абрад “ала качуу” (выкраданне з мэтай жаніцьбы).

Бацька спявачкі напісаў у фэйсбуку зварот у падтрымку сваёй дачкі. “Зерэ – свабодная дачка свабоднага Кыргызстана… Ці падтрымліваю я як бацька з’яўленне дачкі ў такім выглядзе? Не, не падтрымліваю. Маці падтрымлівае? Абсалютна не падтрымлівае. Тады чаму я даў ёй магчымасць спяваць у споднім? Я стараўся зразумець яе”, — аказвае шматлікім крытыкам бацька. Паводле ягоных словаў, на з’яўленне песні паўплывала трагічнае здарэнне ў Чуйскай вобласці Кыргызстана, дзе ў выніку абрада “ала качуу” была забітая 19-гадовая Бурулай Турдаліева.

Ад цкавання кіргізак не выратоўвае нават высокі статус. Год таму назад малодшая дачка прэзідэнта Кыргызстана Алія Шагіева апублікавала ў сацыяльных сетках фотаздымак, на якім яна карміла нованароджанае немаўля грудным малаком. Пад выявай Алія патлумачыла, чаму пайшла на такі крок: “Я буду прыкладам для ўсіх астатніх маці, якіх загналі ў нязручныя рамкі патрыярхальнага грамадства”, — напісала яна. Аднак пасля хвалі грамадскага абурэння маладая маці была вымушаная прыбраць фота.

У сітуацыі з правамі кабет у Кыргызстане цікава тое, наколькі трывалымі аказаліся патрыярхальныя ўстаноўкі і традыцыі ў грамадстве. Эмансіпацыі жанчын не паспрыялі нават дзесяцігоддзі савецкага палітычнага праекта, які нібыта гарантаваў кіргізкам права на школьнае навучанне, вышэйшую адукацыю і працу. Але са знікненнем СССР аказалася, што роўнасць палоў у краінах Цэнтральнай Азіі была фікцыяй. Як толькі кіраўнікі савецкай Кіргізіі перасталі атрымліваць дырэктывы Масквы, камуністычная ідэалогія ўмомант адступіла пад націскам рэлігійных фанатыкаў. Але з пранікненнем і распаўсюдам Інтэрнэту вясковым прапаведнікам усё цяжэй будзе пераконваць дзяўчат у тым, што яны не маюць права на выбар свабоднага жыцця.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ