Давыдзька абяцае інтэрнэт-цэнзуру



Кіраўнік праўладнай арганізацыі “Белая Русь” Генадзь Давыдзька прапанаваў пускаць у Інтэрнэт па адбітках пальцаў. Паводле прэтэндэнта на дэпутацкае крэсла на сёлетніх выбарах, наведванне сусветнага павуціння на ананімных падставах павінна быць ліквідавана. Нягледзячы на абсалютную абсурднасць гэтага выказвання, якое паказвае ўзровень некампетэнтнасці Генадзя Давыдзькі ў пытаннях ІКТ, яно насамрэч адлюстроўвае памкненні кіраўніцтва беларускай дзяржавы кантраляваць Інтэрнэт як крыніцу пастаяннай пагрозы аўтарытарнай уладзе.

Рэтраградскія выказванні Генадзя Давыдзькі наўрад ці з’яўляюцца самадзейнасцю. Тут трэба звярнуць увагу на тое, што некалькімі днямі раней кіраўнік дзяржавы закранаў пытанне свабоды слова ў Інтэрнэце. Праўда, з вуснаў Аляксандра Лукашэнкі гучалі запэўніванні, што беларуская дзяржава ўводзіць Інтэрнэт-цэнзуру не збіраецца. Аднак узрастанне зацікаўленасці Інтэрнэтам з боку ўладаў паказвае, што нічога добрага беларускім інтэрнаўтам ад гэтага чакаць не выпадае. У нас і без таго ва Указе №60 “Аб удасканаленні Інтэрнэту”, у Законе “Аб СМІ” і ў шэрагу некаторых іншых актаў прадугледжаная магчымасць рэгулявання Інтэрнэту. І, як мы памятаем, нядаўнія гісторыі з блакаваннем парталаў “Беларускі партызан”, “Хартыя” і “Анлайнер” з’яўляюцца дэманстрацыяй магчымасцяў дзяржавы ў справе ўвядзення інтэрнэт-цэнзуры.

Генадзь Давыдзька, абгрунтоўваючы патрэбу ва ўвядзенні цэнзуры, не арыгінальнічае. Ён гаворыць пра тое, што такія меры абумоўленыя пытаннямі бяспекі. Маўляў, “калі маці адпускае дзіця гуляць у Інтэрнэт, яна павінна разумець, што адпускае яго ў джунглі, дзе дзікія звяры, змеі, абрывы, дзядзькі страшныя ў кустах сядзяць”. То бок, ён апелюе да страхаў бацькоў адносна бяспекі іх дзяцей у глабальным сеціве. Пад прэтэкстам змагання з амаральнымі з’явамі ў сусветным павуцінні грамадскую думку рыхтуюць да таго, што менавіта чыноўнікам, а не грамадзянам, трэба браць на сябе адказнасць за тое, якія сайты карыстальнікам наведваць, а якіх пазбягаць. Падобная аргументацыя, зрэшты, выкарыстоўваецца не толькі прыхільнікамі аўтарытарызму. У цалкам сабе дэмакратычнай Нямеччыне ў 2009 годзе ледзьве не здарыўся ўрадавы крызіс, калі тагачасная міністар працы і сацыяльных пытанняў Урсула фон дэр Ляйнен (цяперашняя старшынька Еўракамісіі) лабіявала прыняцце закона, які б легалізаваў заглушкі-фільтры на забароненыя сайты. Спісы забароненых сайтаў аператыўна мелася складаць крымінальная паліцыя Нямеччыны. Апаненты гэтага закону звярнулі ўвагу, што такі падыход можа быць выкарыстаны не толькі супраць сайтаў сумнеўнага зместу, але і іншых інфармацыйных рэсурсаў. Грамадзяне Нямеччыны, журналісты спынілі гэты закон, запусціўшы петыцыю, якая сабрала за кароткі прамежак часу больш за 130 тысяч подпісаў грамадзян.

У справе пабудовы “лічбавага аўтарытарызму” беларуская дзяржава не адзінокая. Паводле справаздачаў праваабарончай арганізацыі Freedom House, у апошнія 8 гадоў ва ўсім свеце назіраецца тэндэнцыя да зніжэння свабоды ў Інтэрнэце. Беларусь, згодна заключэнням экспертаў арганізацыі, адносіцца да краінаў з несвабодным Інтэрнэтам, дзе прынята пераследваць журналістаў і анлайн-блогераў, дзе блакуюцца інфармацыйныя сайты падчас палітычных кампаній, а для маніпуляцыі грамадскай думкай дзейнічаюць “фабрыкі троляў”. Так што, у нас і без пачынанняў Генадзя Давыдзькі сітуацыя са свабодай Інтэрнэту пад пытаннем. Засталося толькі адбіткі пальцаў у інтэрнаўтаў адкатаць для поўнага шчасця.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ