Дэмакратыя альбо мова?



Пасля неверагоднага эмацыйнага ўздыму ў беларускім грамадстве, які назіраўся на вуліцах гарадоў і ў сацыяльных сетках, наступіў перыяд узаемных прэтэнзій. Новая большасць прыхільнікаў пераменаў, якая ледзь-ледзь пачала фармавацца з раней апалітычных грамадзянаў і многіх прадстаўнікоў старой гвардыі, апынулася пад скрыжаваным агнём крытыкі. Некаторыя лідары так званай традыцыйнай апазіцыі ў лепшым выпадку занялі чакальніцкую пазіцыю, заяўляючы, што нічога новага “пад месяцам не адбываецца”. Маўляў, пасля чарговай “элегантнай перамогі” пратэстовая хваля сыйдзе ў пясок. Іншыя вядомыя апаненты ўлады прамым тэкстам абвінавацілі прэтэндэнтаў у “працы на Маскву”, заклікалі сваіх прыхільнікаў байкатаваць выбары. У першым і другім выпадку лідары напалягаюць на тым, што яны прытрымліваюцца маральнай і ўпартай пазіцыі, якая некалі прывядзе да перамогі. Толькі трэба пачакаць спрыяльнага моманту. Паводле такой трактоўкі, лідар, як месія, з’явіцца ў патрэбным месцы ў свой час. Асноўным аб’ектам для крытыкі прадстаўнікоў такога погляду з’яўляюцца зусім не Аляксандр Лукашэнка, а Віктар Бабарыка, на якога, зрэшты, вешаюцца цэтлікі прарасейскага палітыка і апартуніста. Кіраўнік КХП-БНФ Зянон Пазняк у нашумелым тэксце “Прэч з Лукашэнкам, прэч з Бабарыкам” наўпрост называе экс-банкіра “патэнцыйна больш небяспечным для Беларусі”, чым дзейны кіраўнік дзяржавы. Ключавое слова матэрыяла – “патэнцыйна”, то бок уся аргументацыя крытыкаў Бабарыкі грунтуецца на адсутнасці доказаў і чыста гіпатэтычных мадэлях.

Канфлікт “пазнякоўцаў” з “бабарыкінцамі” абумоўлены не столькі геапалітычнымі арыентацыямі прыхільнікаў дзвюх плыняў. Гэта вельмі спрошчаная карціна рэчаіснасці, бо сярод актывістаў “новай апазіцыі” багата людзей з бясспрэчна незалежніцкімі поглядамі. А вось што асабліва адрознівае — гэта мэта змагання. У прадстаўнікоў “традыцыйнай апазіцыі” часта змаганне з рэжымам становіцца самамэтай. І гэта зразумела, бо цягам чвэрці стагоддзя людзі часта былі пад прэсінгам, іх цкавалі, пазбаўлялі працы. Поспех “новай апазіцыі” абумоўлены шмат у чым пазітыўнай праграмай пераменаў, а таксама адсутнасцю зацыкленасці на высвятленні адносін з найбольш адыёзнымі асобамі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Акрамя гэтага, відавочна, “бабарыкінцы” не бачаць у сваім лідары выратавальніка нацыі, а ўсяго толькі менеджара, які мае вырашыць канкрэтныя задачы па рэфармаванні гаспадаркі і не будзе ўмешвацца са сваімі каштоўнасцямі ў іншыя сферы жыцця грамадства.

Як гэта ні горка ўсведамляць, але ў нацыянальна арыентаванай апазіцыі недастаткова сілаў на тое, каб змяніць сітуацыю ў дзяржаве ўвадначассе. Гэта значыць, што шансы на беларусізацыю і на далейшае развіццё беларускай дзяржавы могуць з’явіцца толькі ў хаўрусе з іншымі дэмакратычнымі плынямі. Пасля змены аўтарытарнага рэжыму якраз адчыніцца акно магчымасцей для дзейнасці шматлікіх прабеларускіх ініцыятываў, што прывядзе ў выніку да жаданых пераменаў у культурнай і моўнай сферах. Адпаведна, замест высвятлення адносінаў наконт мовы, сімволікі і лідараў, час патрабуе рашучага аб’яднання ўсіх дэмакратычных сілаў. Таму, на жаль, нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч мае рацыю: спачатку дэмакратыя, а потым мова.  

 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ