Дыскрымінацыя беларускамоўных



У Беларусі склалася катастрафічная сітуацыя, калі носьбіты роднай мовы тытульнай нацыі маюць менш правоў, чым нацыянальныя меншасці ў некаторых суседніх краінах. Гамяльчук Сяргей Макрэнка дабіваецца беларускамоўнага навучання для сваёй дачкі-першакласніцы. Дзеля забеспячэння канстытуцыйнага права на карыстанне роднай мовай ён спачатку вёў перапіску з адміністрацыяй бліжэйшай школы і чыноўнікамі гарвыканкама. Калі гэтыя спробы ні да чаго не прывялі, ён падаў у суд.

У Судзе Чыгуначнага раёна Гомеля пазоў Сяргея Макрэнкі прагназавана не задаволілі. Суддзя падтрымаў пазіцыю адказчыкаў (дырэктаркі Таццяны Даманчук і прадстаўнічкі аддзела адукацыі гарвыканкама Алены Рэзнік), якія салідарна выступілі супраць стварэння беларускамоўнага класу для першакласніцы. Такое рашэнне было аргументавана дзвюма прычынамі. Па-першае, у школе нібыта няма тэхнічнай магчымасці арганізаваць навучальны працэс для адной вучаніцы. Па-другое, чыноўніцы выказалі занепакоенасць тым, што індывідуальнае навучанне па-беларуску негатыўна адаб’ецца на сацыялізацыі дзіцяці. “Вы дзейнічаеце не ў інтарэсах сваёй дачкі”, — заявіла дырэктарка і чамусьці саслалася на псіхолага Льва Выгоцкага. Маўляў, да 7-гадовага ўзросту асноўным відам дзейнасці дзяцей з’яўляецца гульня, таму індывідуальнае навучанне, якога дабіваўся Сяргей Макрэнка, — гэта няправільна. У такіх адказах добра адлюстраванае крывадушнае стаўленне дзяржавы да канстытуцыйных правоў прадстаўнікоў тытульнай нацыі, калі відавочна дыскрымінацыйнае рашэнне (грошай няма) абумоўленае нейкімі міфічнымі клопатамі пра дзіця.  

Сам Сяргей Макрэнка ў сваёй барацьбе за рэалізацыю моўных правоў гатовы звяртацца ў суды вышэйшай інстанцыі. “Я параіўся з юрыстамі. Гэтае судовае рашэнне лёгка абскардзіць, паколькі беларускамоўныя сем’і ад самога пачатку пастаўленыя ў няроўныя ўмовы. Дзяржава толькі на словах гарантуе рэалізацыю правоў, а насамрэч нічога не робіць. Калі рускамоўным усё даецца па змаўчанні, то нам на кожную дробязь трэба выдаткоўваць грошы і марнаваць час. Я буду судзіцца далей”, — гаворыць Сяргей Макрэнка.

У барацьбе за права на адукацыю на роднай мове патрэбна паступова адыходзіць ад стратэгіі індывідуальнага супрацьстаяння. Грамадзяне, спасылаючыся на законы і артыкулы Канстытуцыі, могуць весці перапіску з органамі ўлады, звяртацца ў пракуратуру і ў асабліва цяжкіх выпадках судзіцца. Гэтай стратэгіі якраз прытрымліваецца Сяргей Макрэнка, які паслядоўна дабіваецца ад чыноўнікаў выканання законных патрабаванняў. Хіба гэтага падыходу заключаецца ў тым, што грамадзянін фактычна застаецца сам насам з непахіснай і глухой сістэмай. Адсутнасць масавай падтрымкі гэтых дзеянняў дазваляе чыноўнікам надалей ігнараваць моўнае заканадаўства і Канстытуцыю, адпускаць недапушчальныя каментарыі ў дачыненні да грамадзян. Выхадам з гэтай сітуацыі можа быць толькі аб’яднанне неабыякавых людзей у рух падтрымкі беларускамоўнай адукацыі. Для гэтага трэба распрацаваць агульную стратэгію змагання за пашырэнне беларускай мовы ва ўстановах адукацыі, уключаючы інфармаванне бацькоў пра перавагі навучання на роднай мове і заканчваючы ціскам на ўлады з дапамогай міжнародных структур.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ