Дзе мусяць быць пахаваныя парэшткі Кастуся Каліноўскага?



Беларуская грамадскасць падзялілася ў пытанні, якое мусіць аб’ядноўваць. Паўафіцыйная пазіцыя дыпламатаў Літоўскай рэспублікі, якую ўзялі за аснову аўтары петыцыі за перанос парэшткаў Кастуся Каліноўскага ў Беларусь, справакавала канфлікт. Аўтары звароту заклікаюць урад Літвы спрычыніцца да вяртання праху аднаго з айцоў сучаснай беларускай нацыі на тэрыторыю цяперашняй Беларусі. Апаненты мяркуюць, што для ўдзельнікаў вызвольнага паўстання супраць Расеі 1863-1864 гг. Вільня не была сталіцай чужой дзяржавы. Яны змагаліся за вольнасць людзей, нашчадкі якіх сталі цяперашнімі беларусамі, палякамі і літоўцамі, а тады былі родам з Рэчы Паспалітай – калыскі некалькіх сучасных народаў. І месца гібелі і пахавання Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў – гэта гістарычнае Вялікае княства Літоўскае. І сярод прыхільнікаў перапахавання, і сярод праціўнікаў – вядомыя і паважаныя ў Беларусі асобы, аўтарытэты меркаванняў, якія ўплываюць на фармаванне грамадскае думкі. Палярныя меркаванні і аргументы, агучаныя абодвума бакамі, носяць канфлікты характар і не спрыяюць кансалідацыі беларускай нацыі па гэтым пытанні, як і мусіць быць. Такія пытанні, як перапахаванне аднаго з найбольш знакавых герояў беларускай гісторыі, павінны аб’ядноўваць, а не ўносіць дадатковы раздрай. Парадаксальна, але перанос парэштак Кастуся Каліноўскага выгадны адначасова і нацыяналістычна настроеным слаям літоўскага грамадства, і афіцыйным беларускім уладам. Першыя пазбаўляюцца раздражняльніка ў выглядзе беларускамоўнай шыльды на каплічцы на могілках Роса (беларускага месца памяці ў Вільні). Адсутнасць месца памяці, дзе адлюстраваны ўдзел беларусаў у паўстанні, здымае шмат нязручных пытанняў адносна прэтэнзій беларусаў на сімвалічную спадчыну ВКЛ. Афіцыйныя беларускія ўлады ўскосна атрымліваюць бонусы па прычыне чарговага яблыка разладу, які падзяляе палітычна актыўную частку грамадства. Беларускія патрыёты, якія падпісваюцца ў петыцыі за перанос парэштак, намагаюцца мабілізаваць насельніцтва, узняць узровень нацыянальнай свядомасці праз правядзенне сімвалічнай цырымоніі і з’яўлення новага месца памяці харызматычнага героя Кастуся Каліноўскага. Хоць пытанні нацыябудаўніцтва раптоўна не вырашаюцца. То бок, усе бакі вырашаюць бягучыя і тактычныя пытанні, выступаючы за перапахаванне.

Калі адкінуць эмоцыі, то перанос парэштак Кастуся Каліноўскага ў Беларусь можа мець шэраг негатыўных наступстваў. Па-першае, гэтае дзеянне можа прывесці да адасаблення і супрацьпастаўлення беларускага наратыву польскай і літоўскай версіям бачання мінулага. У перспектыве гэта аслабіць пазіцыі беларусаў у гістарычных дыскусіях за мінулае ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэта значыць, што канфлікт паміж беларусамі, з аднаго боку, і літоўцамі, з іншага, будзе паглыбляцца насуперак сусветнай тэндэнцыі да зняцця напружання ў сферы палітык памяці. А да чаго прыводзяць такія канфлікты мы ведаем на прыкладзе анексаванага Крыма, дзе расейскі імперскі наратыў ставіў пад сумнеў права ўкраінцаў на дзяржаўнасць. Па-другое, калі гаварыць пра гіпатэтычную сітуацыю ўваходжання Беларусі ў ЕЗ у будучыні, то сама ініцыятыва па пераносе парэштак «з чужой тэрыторыі» выглядае сумнеўнай, паколькі межы з Літвой перастануць існаваць у фізічным сэнсе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ