Дзень Канстытуцыі



15 сакавіка ў Беларусі адзначаецца Дзень Канстытуцыі. У гэты дзень па дзяржаўных тэлеканалах будуць транслявацца бравурныя сюжэты, у якіх “гаваркія галовы” зачытаюць бадзёрымі галасамі пра самую дэмакратычную і справядлівую Канстытуцыю ў свеце. І яны, у прынцыпе, калі глядзець на свет з перспектывы іх званіцы, асабліва не хлусяць. У галовах прапагандыстаў “дэмакратыя і справядлівасць” – гэта права на бесперабойнае забеспячэнне фізіялагічных функцый. Як для насельнікаў фермы.

Кожны год 15 сакавіка ў Беларусі ўздымаецца дыскусія наконт таго, ці патрэбныя змяненні ў Канстытуцыі. Зразумела, у цяперашняй версіі асноўнага закона ёсць пэўныя палажэнні, якія вымагаюць перагляду. Аднак, падаецца, нават самая прагрэсіўная Канстытуцыя, у якой былі б зафіксаваныя найбольш важныя прынцыпы справядлівасці, гуманізму і дэмакратыі, ва ўмовах цяперашняй Беларусі забуксавала б. Нашая сітуацыя, зрэшты, не такая ўжо ўнікальная. Яшчэ ў першай палове ХХ века каўдыльё іспанскай дзяржавы Франсіска Франка геніяльна сфармуляваў прынцып ажыццяўлення законаў пры персаналісцкіх дыктатурах. “Сябрам – усё, ворагам – закон”, – гаварыў каўдыльё. У беларускай версіі гэта гучыць не так страшна, але сутнасць тая ж: “Закон што дышла, куды павярнуў, туды і выйшла”. Адпаведна, пакуль не адбудзецца дэмакратызацыі і не будзе забяспечаны ў рэальнасці падзел паміж трыма галінамі ўлады (заканадаўчай, судовай і выканаўчай) ніякіх размоваў пра эфектыўную Канстытуцыю не можа весціся ў прынцыпе.

Аднак, калі ўсё-такі пафантазіраваць, то можна вылучыць некалькі блокаў у Канстытуцыі, якія варта, прынамсі, паспрабаваць адаптаваць да патрэбаў часу.

Па-першае, блок артыкулаў Канстытуцыі РБ, звязаных з гарантыяй недатыкальнасці прыватнай уласнасці, маюць патрэбу ва ўзмацненні. Чалавек, які адчуе сябе паўнапраўным гаспадаром ва ўласнай кватэры і на сваім зямельным участку, будзе куды больш актыўна абараняць свае правы. Калі пасадзіш, вырасціш гарбуз на сваёй зямлі, то ад няпрошаных гасцей будзеш адстрэльвацца нават семкамі са сланечніка.

Па-другое, беларускай мове трэба вярнуць статус адзінай дзяржаўнай, а рускую пакінуць для міжнацыянальных зносін. Патрэба ў пераглядзе гэтага артыкула Канстытуцыі абумоўленая некалькімі фактарамі, у тым ліку захаваннем нацыянальнай ідэнтычнасці. Нават у ХХІ стагоддзі мова застаецца адным з асноўных фактараў захавання нацыі, адным з падмуркаў дзяржаўнасці. Абсурдная сітуацыя з двухмоўем у Беларусі выяўляецца як у даволі бяскрыўднай блытаніне з напісаннем імёнаў і прозвішчаў у дакументах, так і ў сур’ёзных пытанняў адсутнасці ўстановаў адукацыі для беларускамоўных. Прыклады дыскрымінацыі прадстаўнікоў тытульнай нацыі, якія хочуць размаўляць у Беларусі на роднай мове, процьма. Такі стан рэчаў вядзе да таго, што найбольш пасіянарная частка насельніцтва проста перастае лічыць гэтую дзяржаву сваёй.

Па-трэцяе, усталяванне трывалай дэмакратыі ў Беларусі наўпрост залежыць ад скасавання інстытута прэзідэнцтва, які ва ўмовах постсавецкай дзяржавы няўхільна вядзе да ўзурпацыі ўлады і дыктатуры.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ