Эканамічны і этычны бакі выкарыстання натуральнай футравіны ў лёгкай прамысловасці



Індустрыя моды – на парозе рэвалюцыі. На паказе мод у нью-ёркскім Метраполітэн-музеі прадстаўнікі французскага брэнда Chanel заявілі, што іх карпарацыя адмаўляецца ад выкарыстання шкур экзатычных жывёл і футраў пры вырабе адзення і модных аксесуараў. Крэатыўны дырэктар і твар кампаніі Карл Лагерфельд пазней заўважыў, што гэтае рашэнне з’яўляецца адказам на праблему, якая вісела ў паветры ўжо некалькі год . “І хоць ніхто не прымусіў пайсці на такі крок, але мы адчуваем, што гэта правільнае рашэнне”, – заўважыў Карл Лагерфельд. Журналісты і эксперты, якія асвятляюць пытанні, звязаныя з модай, лічаць, што адмова Chanel  ад выкарыстання натуральных шкур з’яўляецца знакавай. Хоць да гэтага многія іншыя сусветныя брэнды, у тым ліку Nike, H&M, Puma таксама дэкларавалі адыход ад практыкі забойства жывёл дзеля здабыцця футры, але менавіта цяпер можна казаць, што абаронцы правоў братоў нашых меншых дамагліся істотнай перамогі.

Заявіўшы пра добраахвотную адмову ад выкарыстання футравіны, прадстаўнік Chanel  наўрад ці да канца быў шчырым. Справа ў тым, што куцюр’е Лагерфельда складана аднесці да катэгорыі асобаў, якія адказна ставяцца да выкарыстання прыродных рэсурсаў. Да апошняга часу ён выкарыстоўваў натуральную футравіну для сваіх калекцый прэт-а-партэ, за што не адзін раз быў атакаваны актывістамі арганізацыі PETA, якія паслядоўна выступаюць за забарону натуральнай футравіны. У 2001 годзе ён заяўляў, што не бачыць нічога заганнага ў тым, што людзі забіваюць звяроў, якія б, не задумваючыся забілі людзей пры магчымасці. Не прайшло і 20 гадоў, як прытрымлівацца такой пазіцыі ў заходнім свеце прадстаўніку сферы высокай моды стала проста немагчыма.

Адмова ад выкарыстання натуральнай футры ў вырабе адзення з боку вядучых брэндаў – гэта толькі пачатак працэсу, у выніку якога ўласнікі фермаў, дзе гадуюцца футравыя звяры, збанкрутуюць. Адбудзецца гэта ў бліжэйшыя пару дзесяцігоддзяў. Але гэты працэс пакуль што практычна не заўважны ў Беларусі, дзе выраб футравіны на экспарт дагэтуль з’яўляецца адным з прыярытэтаў айчыннай лёгкай прамысловасці. У канцы 2017 года, як паведамляла газета “СБ”, у Беларусі функцыянавала 14 футравых гаспадарак, якія спецыялізаваліся на вырабе футраў лісы, норкі, пясца і янота. Беларусь, паводле выдання, нават уваходзіць у 20-ку асноўных экспарцёраў дадзенай сыравіны на сусветны рынак. У тым жа артыкуле кіраўнікі галіны прызнавалі, што ў апошнія пару гадоў попыт на натуральную футру ў свеце істотна ўпаў па прычыне перавытворчасці сыравіны. Няцяжка прагназаваць, што ў бліжэйшыя гады сітуацыя на рынку пушніны наўрад ці будзе выпраўляцца. Але замест дапасавання да рэальнасці ў нас па-ранейшаму ставяць задачы скарэння сусветнага рынка сваёй прадукцыяй.

Зрэшты, прыхільнікі натуральных футраў маюць свае аргументы адносна неабходнасці захавання гэтага напрамку лёгкай прамысловасці. Калі абаронцы жывёлаў збольшага акцэнтуюць увагу на негуманным стаўленні да пушных звяроў (у Інтэрнэце досыць лёгка знайсці мноства шакуючых кадраў са зверафермаў), то прыхільнікі натуральных футраў парыруюць, што штучныя вырабы шкодныя для здароўя чалавека. Асобнае пытанне – выраб штучных футраў і іх утылізацыя, што таксама можа стаць у перспектыве яшчэ адной глабальнай праблемай.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ