Фіяска збіральніка земляў “рускіх”



Тэрытарыяльная прыналежнасць Курыльскіх выспаў да РФ дагэтуль пад вялікім пытаннем, паколькі паміж Расеяй і Японіяй не падпісаная мірная дамова, якая прадугледжвае кампраміснае рашэнне. Пазіцыя Японіі палягае на тым, што СССР падступна акупаваў японскія выспы Ітуруп, Шыкатан, Кунашыр і Хабамаі ў канцы ІІ Сусветнай вайны. Гэты пункт гледжання падмацоўваецца гістарычнымі звесткамі і некаторымі міжнароднымі актамі. У прыватнасці, прыналежнасць гэтых тэрыторый да Японіі пацвярджаецца Сімодскім трактатам ад 1855 года, які ўсталёўваў межы паміж краінамі.  Але менавіта пасля паразы Японіі ў ІІ Сусветнай вайне да СССР, пры млявай рэакцыі міжнароднай супольнасці, адышлі былыя японскія выспы.

Масква, сваёй чаргой, лічыць, што перагляд тэрытарыяльных рашэнняў адносна Курыльскіх выспаў немагчымы, ставіць пад пытанне суверэнітэт РФ над гэтымі тэрыторыямі нельга. У 1956 годзе, пры Мікіце Хрушчове, Японія і СССР былі ў адным кроку ад падпісання мірнай дамовы, якая магла б зняць напружанне паміж дзяржавамі. СССР быў гатовы перадаць японцам дзве выспы Хабамаі і Шыкатан, але ў апошні момант падпісанне дэкларацыі сарвалася. Японскі бок настойваў ужо на вяртанні чатырох выспаў, ад чаго Токіа не адмаўляецца і цяпер.

У цяперашні момант аддаленыя тэрыторыі Паўднёвых Курылаў з’яўляюцца дастаткова вялікім цяжарам для гаспадаркі РФ. Датацыйны рэгіён з няразвітай інфраструктурай выглядае асабліва ўбога на фоне багатых прыпамежных раёнаў японскага вострава Хакайда. Нягледзячы на правал эканамічных паказнікаў, Расея ні ў якім разе не гатовая ісці на тэрытарыяльныя саступкі. Асноўная прычына – ваенна-стратэгічная. Нават у выпадку перадачы Японіі дзьвюх выспаў (Хабамаі і Шыкатана) могуць паўстаць  сур’ёзныя праблемы для расейскага флота, якому складаней будзе праходзіць праз незамярзальныя пратокі ў Ціхі акіян. У выпадку перадачы чатырох выспаў Расея поўнасцю страціць кантроль над пратокамі, а Ахоцкае мора па факце перастане быць унутраным вадаёмам РФ з усімі наступствамі.

Перамовы Расеі з Японіяй актывізаваліся на фоне ўзмацнення санкцый з боку ЕЗ і ЗША ў дачыненні да афіцыйнай Масквы. Відавочна, Крэмль зацікаўлены ў дыпламатычным вырашэнні пытання Курылаў, што дазволіла б мінімізаваць эканамічныя страты ад супрацьстаяння з Захадам. Аднак імкненне Уладзіміра Пуціна пайсці на кампраміс з японцамі наўрад ці знойдзе падтрымку сярод яго электарата, які дагэтуль знаходзіцца ў стане эйфарыі ад вяртання Крыма ў “родную гавань”. Паводле сацыялагічных апытанняў, толькі 17% расейцаў гатовыя ахвяраваць дзьвюма выспамі дзеля наладжвання расейска-японскіх дачыненняў. Незадаволенасць кулуарнымі перамовамі ўладаў з японскімі калегамі ўжо пачалі выкарыстоўваць прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі на чале з Аляксеем Навальным. Свае пратэстныя акцыі анансавалі і расейскія радыкалы, да якіх прымкнулі палявы камандзір ДНР Ігар Стралкоў, казакі, расейскія ўльтраправыя і нават шэраг дэпутатаў Дзярждумы ад “Адзінай Расеі”. Выглядае на тое, што Уладзімір Пуцін са сваёй палітыкай “збіральніка земляў” пачаў цярпець фіяска, калі ў выніку сумнеўнай анексіі Крыма ён абмежаваў сабе поле для манеўра ў пытанні наладжвання адносін з важнымі партнёрамі на Далёкім Усходзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ