Галубіная пошта ў ХХІ стагоддзі



Хоць у чымсьці першыя — Беларусь абагнала ЗША па забеспячэнні насельніцтва стацыянарнай тэлефоннай сувяззю. Па колькасці правадных тэлефонных апаратаў мы апярэджваем таксама Партугалію, Іспанію і Швецыю. У Беларусі на 100 чалавек прыпадае амаль 48 кропак падключэння да стацыянарнай сувязі, а ў ЗША не дацягвае да 43. Давёў Абама свой народ да галечы, што нават сабе дазволіць не могуць стацыянарныя тэлефоны! Гэта, відаць, расейскія санкцыі абвалілі амерыканскі дабрабыт. Займаліся б толькі ўнутранымі справамі, не лезлі б сваімі імперыялістычнымі шчупальцамі ў палітыку іншых дзяржаваў, глядзіш, болей бы амерыканскіх грамадзянаў па тэлефонах размаўляла бы. Вось, напрыклад, у Беларусі няма ніякіх геапалітычных амбіцыяў. Мы стабільна і спакойна развіваемся на зайздрасць усяму свету, таму і выходзім на першае месца па колькасці тэлефонных апаратаў на душу насельніцтва.

Як гэта дагэтуль на цэнтральных плошчах краіны не ўсталявалі замест Ленінаў помнікі стваральніку „гаварліваму тэлеграфу” Аляксандру Бэлу, які запатэнтаваў сваё вынаходніцтва ў далёкім 1876 годзе ў ЗША?! Калі ягоная радзіма забылася пра славутага сына, то самы час выправіць няўдзячнасць нашчадкаў. І Беларусь — самае адпаведнае для ўвекавечання славы вынаходніка тэлефона месца. Але лепшая даніна павагі для Аляксандра Бэла — гэта далейшая тэлефанізацыя насельніцтва. Даеш 100 стацыянарных тэлефонных апараты на 100 чалавек!

А калі сур’ёзна, дзіўнавата ў ХХІ стагоддзі чытаць пра нейкія дасягненні ў сферы забеспячэння насельніцтва стацыянарнай сувяззю. Яшчэ б нашае Міністэрства сувязі адрапартавала пра галубіную пошту, тэлеграф і радыёкропкі. Думаецца, па гэтым крытэры мы таксама былі б калі не першыя ў свеце, то ў дзясятку „прасунутых” краінаў дакладна трапілі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ