Гарачая кропка на мапе экалагічных бедстваў



У Беларусі вымалёўваецца тэндэнцыя: найбольш працяглыя і ўпартыя пратэсты апошніх гадоў маюць экалагічную афарбоўку. У гэтым звязку згадваюцца змаганне берасцейцаў супраць акумулятарнага завода, светлагорцаў супраць завода беленай цэлюлозы, гомельцаў супраць шпалернай фабрыкі… Але, калі паспрабаваць прааналізаваць тэму, то акажацца, што за гэты прамежак часу адбыліся яшчэ дзясяткі менш рэзанансных грамадскіх чынаў, многія з якіх, дарэчы, завяршыліся перамогай неабыякавых жыхароў Беларусі. Выглядае на тое, што экалогія – гэта апошні рубеж, за які беларусы гатовыя змагацца і паказваць зубы дзяржаве.

Вось, скажам, нядаўна актывісты з Лідскага раёна звярнулі ўвагу на тое, што мясцовая ЖКГ проста забіла прыток Нёмана рачулку Дзітва. Пра гэта, зрэшты, і раней ведалі жыхары некаторых вёсак і дачнікі, якія два гады канстатуюць мор рыбы. Мясцовыя прыродаахоўныя органы на ўсе звароты давалі стандартныя адпіскі. Маўляў, прычына ў анамальнай спёцы, недахопе кіслароду, а смурод – гэта праз гніенне рыбы і травы. Вось так. Людзі, якія абавязаныя ахоўваць галоўную каштоўнасць нашай Беларусі, прыроду, часта насамрэч з’яўляюцца яе магільшчыкамі ці саўдзельнікамі злачынстваў. У адказ на непрафесійныя і безадказныя дзеянні чыноўнікаў двое лідчан Сяргей Пантус і Вітольд Ашурак разгарнулі плакат у цэнтры Ліды з надпісам пра “Мёртвую раку”. А праз пару дзён гарадзенскі гісторык Мечыслаў Супрон падобную расцяжку трымаў на мосце праз Нёман. Рэакцыя ўладаў не прымусіла сябе доўга чакаць. Міліцыянты аператыўна распачалі адміністрацыйны пераслед удзельнікаў акцыі па факце парушэння правіл правядзення масавых сходаў. Беларуская дзяржава ў чарговы раз паказала нам усім, хто ў хаце гаспадар.

І вось новы паварот у справе забруджвання Дзітвы. Вынікі лабараторнага даследавання Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя паказваюць, што галоўным фактарам знішчэння ракі сталі не ўмовы надвор’я, а ўсё-такі выкіды сцёкавых водаў з ачышчальных збудаванняў Лідскага ЖКГ. Па некаторых паказніках канцэнтрацыя шкодных рэчываў у вадзе перавышаная ў 5 разоў. Інакш кажучы, дзяржаўнае прадпрыемства ажыццяўляе скіды прадуктаў чалавечай жыццядзейнасці без належнай ачысткі і фільтрацыі прама ў раку Дзітва. Далей запускаецца механізм самазнічшэння. Спачатку гіне рыба і ўся экасістэма пераўтвараецца ў таксічнае асяроддзе, потым атрута ідзе ў Нёман, дзе праблема выходзіць на рэспубліканскі ўзровень. У адным з абмеркаванняў у “Фэйсбуку” нехта з Летувы адпісаў, што дзярмо з Ліды яшчэ не дайшло да Каўнаса. Людзі там купаюцца, ловяць рыбу і атрымліваюць задавальненне ад ракі. Але гэта справа часу. Беларускае дзярмо неўзабаве стане міжнароднай справай. Дарэчы, у беларускім прыродаахоўным заканадаўстве прадугледжаныя штрафы для юрыдычных асобаў у памеры да 500 базавых велічыняў. Немалая сума для чалавека, але пясчынка ў пустыні для дзяржавы.

Ва ўсёй гісторыі з забруджаннем Дзітвы абурае абыякавасць супрацоўнікаў ЖКГ і раённых уладаў, якія ўспрымаюць раку не як жывую экасістэму, а як каналізацыйную трубу, у якую можна бясконца скідваць усё смецце. Але прырода, як вядома, такія рэчы не даруе. Усе гэтыя выкіды вернуцца тым, каму не даходзіць, у выглядзе скурных захворванняў пасля купання ў Нёмане альбо з канцэрагенамі ў рыбе з рэк і азёраў. Зрэшты, будзе вельмі наіўным лічыць, што ў іншых рэгіёнах з беларускімі рэкамі справа выглядае лепей. Пасля ўсіх буйных гарадоў і калгасных прадпрыемстваў вялікія ўчасткі рэк пераўтвараюцца ў сцёкавыя канавы. Працуюць над знішчэннем прыроднага багацця не толькі прадпрыемствы, але і грамадзяне, якія дзеля сумнеўнай эканоміі скідаюць каналізацыйныя выкіды прама ў раку ці апасродкавана праз ліўнёўкі. Калісьці нашыя ўнукі праклянуць нас усіх.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ