Гарачыя падзеі ў Магасе



Канфлікт паміж уладамі Інгушэціі і насельніцтвам рэспублікі выходзіць на новы ўзровень. Пратэстоўцы ізноў занялі цэнтральную плошчу сталіцы, каб не дапусціць змянення заканадаўства, якое робіць неабавязковым правядзенне рэферэндумаў у выпадку тэрытарыяльных змяненняў. Мірная акцыя 26 сакавіка, на якую з’ехаліся тысячы апанентаў улады з усіх раёнаў Інгушэціі, была дазволеная ў апошні момант. Удзельнікі мітынга разыходзіцца не спяшаліся, засталіся начаваць на плошчы, што раніцай 27 сакавіка перарасло ў бойку з “Расгвардыяй” і блакаванне федэральнай трасы “Каўказ”. У шматпавярховіках, размешчаных у цэнтры Магаса, пратэстоўцы заўважылі снайпераў, у цэнтры горада на нейкі час адключылі мабільны Інтэрнэт. Выглядае на тое, што ў бліжэйшы час пратэст інгушоў можа радыкалізавацца.

Паўгода таму ў Інгушэціі распачаўся пратэст, які стаў непрыемным сюрпрызам для ўладаў рэспублікі і для Крамля. Грамадзяне паставілі перад кіраўніцтвам сваёй рэспублікі пытанне адносна незаконнай перадачы часткі тэрыторыі суседняй Чачэніі. Людзі выйшлі на рэкордны па колькасці ўдзельнікаў мітынг у сталіцы Інгушэціі, патрабуючы перагляду кулуарнай дамовы паміж прэзідэнтам Юнус-Бек Еўкуравым і яго чачэнскім калегам Рамзанам Кадыравым, у выніку чаго фактычна адбылося ўзбуйненне тэрыторыі Чачэніі за кошт прыпамежных раёнаў гістарычнай Інгушэціі. Абсалютна заканамерна, што незадаволеныя інгушы запатрабавалі таксама адстаўкі падпісанта дамовы Юнус-Бек Еўкурава. Гэтыя пратэсты мелі дастаткова мірны характар, цэнтральныя ўлады назіралі за ім здалечыні, спрабуючы задзейнічаць кропкавыя рэпрэсіі супраць лідараў пратэсту, інтрыгі і таемныя перамовы.

Эксперты і палітычныя аглядальнікі, аналізуючы прычыны пратэсту, агучылі дзве гіпотэзы.

Бадай найпапулярнейшай схемай для інтэрпрэтацыі інгушскіх падзей з’яўляецца “барацьба за прыродныя рэсурсы”. У прыватнасці, многімі аналітыкамі зазначаецца, што прэзідэнт Чачэніі Рамзан Кадыраў можа быць зацікаўлены ў перадачы некалькіх радовішчаў нафты ў распараджэнне кампаніі “Чачэннафтахімпрам”. Гаворыцца пра тое, што нібыта чачэнская кампанія будзе распрацоўваць новыя радовішчы “чорнага золата” каля сяла Даттых. На справе яшчэ ў савецкія часы нафтавыя запасы ў Інгушэціі былі вычарпаныя, каля 93% нафты было здабыта. Апроч таго, нафта з інгушскіх радовішчаў характаразуецца высокім утрыманнем серы, што робіць здабычу нерэнтабельнай. Адпаведна, інгушскі пратэст ні ў якім разе не можа быць выкліканы барацьбой за энергарэсурсы.

З другой версіі вынікае, што канфлікт паміж Рамзанам Кадыравым і інгушскім насельніцтвам мог быць адмыслова інспіраваны Крамлём, каб абмежаваць уплыў чачэнскага правадыра на Каўказе. У пажарнікаў ёсць такая тэхніка барацьбы з ляснымі пажарамі, як сустрэчны падпал. Сутнасць гэтай тэхнікі ў тым, каб на шляху сцяны агня выпаліць гаручыя матэрыялы, у выніку чаго спыняецца пасоўванне пажару. Аўтары тэорыі “рукі Крамля” мяркуюць, што “сквапнаму” Кадыраву быў спецыяльна прапанаваны варыянт з далучэннем часткі Інгушэціі, каб усе ягоныя рэсурсы і высілкі пайшлі на ўтрыманне сітуацыі, а не на ўмацаванне персанальнай улады. Насамрэч гэтая тэорыя не вытрымлівае крытыкі, паколькі, відавочна, у Крамля ў выпадку абвастрэння сітуацыі можа проста не хапіць сродкаў і сілаў, каб лакалізаваць канфлікт.

Насамрэч, калі прааналізаваць матывы палітычнай мабілізацыі інгушскага насельніцтва, то вымалёўваецца дастаткова ясная карціна. Інгушы абураныя тым, што прэзідэнт рэспублікі без дамоўленасці з народам перадаў частку тэрыторыі Чачэніі. У дадатак да гэтага пратэстоўцы ўвесь час апелююць да паняткаў “родная зямля, Радзіма, гонар, продкі, права на пратэст”, то бок заяўляюць пра сябе як пра палітычны суб’ект. На нашых вачах, можна сказаць, адбываецца нараджэнне палітычнай нацыі, якая пайшла на класічны пратэст годнасці. Магчыма, гэты працэс становіцца прадвеснікам новай вясны народаў у Расейскай Федэрацыі, якая, калі не пойдзе на рэформы і забеспячэнне рэальных механізмаў федэралізацыі, рызыкуе пераўтварыцца ў суцэльную тэрыторыю нестабільнасці.

Беларусам трэба сачыць за падзеямі ў Магасе па адной простай прычыне. Менавіта там у бліжэйшыя месяцы можа з’явіцца ачаг дэстабілізацыі, які на доўгі час можа адцягнуць увагу Масквы ад інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ