Гарбата з малінавым сочывам
Менскія перамовы па Украіне па-любому ўвойдуць у падручнікі па гісторыі. Калі яшчэ ў апошні раз столькі тэлекамераў і дыктафонаў з розных краінаў свету канцэнтраваліся ў цэнтры беларускай сталіцы? Прыезд Біла Клінтана ў далёкім 1993 годзе не ўлічваецца, бо гэта здарылася ў дагістарычную эпоху. Нават для беларускіх міліцыянтаў з’явілася праца. Іх праінструктавалі, выдалі рацыі і паставілі ўздоўж дарогі. Кажуць, што людзей у цывільным было столькі, што ад аэрапорту да самога Палаца Незалежнасці не было дзе яблыку ўпасці.
Карцінка на беларускіх тэлеканалах была таксама адпаведная. Такое адчуванне складвалася пасля прагляду шматлікіх сюжэтаў, што не дзеля няшчаснай Украіны сабраўся палітычны бамонд, а дзеля прарыву беларускай дыпламатыі. З кожнага праса гучала: „Нармандская чацвёрка ў Менску – гэта перамога Беларусі і мудрага курсу самі-ведаеце-каго”. Міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей какетліва тлумачыў журналістам-недарэкам, што менскія перамовы праводзяцца не для таго, каб спадабацца Еўропе. І журналісты рабілі выгляд, што ў гэта верылі.
У кулуарах таксама кіпелі жарсці. Расейскія байцы інфармацыйнага фронту, пра якіх кажуць, што яны адчуваюць, дзе пральецца кроў лепей, чым акулы, чарговы раз паказалі сябе. Спачатку журналіст тэлеканала „Расея”, убачыўшы Пятра Парашэнку, пачаў крычаць нешта пра злачынствы ўзброеных сілаў Украіны на тэрыторыі Украіны. Потым ягоны калега з улюбёнага тэлеканала сепаратыстаў „Лайфньюз” пачаў у прамым сэнсе брахаць у адказ на пытанне ўкраінскіх журналістаў. Відаць, настолькі расхваляваўся за вынікі саміту, што забыўся зусім на чалавечую мову.
Уладзімір Пуцін усяляк імкнуўся рабіць выгляд, што ўсё пад кантролем. Нездарма ж ён у суправаджэнні 70 пракрамлёўскіх журналістаў прыехаў. Парашэнка, напрыклад, з’явіўся ў Менску без свайго пула, а Пуцін – разам са сваёй журналісцкай арміяй. У ХХІ стагоддзі кіруе той, хто кантралюе тэлевізійную карцінку. Але не абышлося без праколаў – самы спакойны чалавек на планеце падчас пасяджэння зламаў ручку. Злыя языкі кажуць, гэта было зроблена для таго, каб была падстава не падпісваць выніковы дакумент.
І толькі гаспадар сустрэчы на фотаздымках і відэакадрах выглядаў задаволеным. Ён увесь выпраменьваў гасціннасць, нібыта прапаноўваючы гасцям сваю ўлюбёную гарбату з малінай.