Шляхі Жызнеўскіх



6 гадоў таму на вуліцах Кіева, у адрозненне ад 2020 года, было зімна. Відэакадры з заснежанай украінскай сталіцы бачыў увесь свет. Планета назірала за тым, як грамадзяне змагаліся з карумпаванай сістэмай прэзідэнта Віктара Януковіча. Па стане на 22 студзеня 2014 года ўжо было некалькі ахвяраў Еўрамайдану з боку пратэстоўцаў, якіх знайшлі з прыкметамі катаванняў. Але да гэтага дня ўсё яшчэ верылася, што супрацьстаянне скончыцца без вялікай крыві. Аднак раніцай з вуліцы Грушэўскага, дзе адбываліся найбольш запеклыя сутычкі з міліцыяй, прыйшлі вусцішныя навіны. У рэжыме анлайн мільёны карыстальнікаў па ўсім свеце амаль адначасова дазналіся, што невядомымі быў адкрыты агонь на паражэнне і ёсць ахвяры. Практычна ў гэты ж момант стала вядома, што сярод першых загіблых – грамадзянін Беларусі па прозвішчы Жызнеўскі. Яго забіў невядомы куляй прама ў сэрца з паляўнічай стрэльбы. Беларускія журналісты кінуліся шукаць дадзеныя забітага ў адкрытых крыніцах і сацсетках. Пазней стала вядома пра тое, што забіты мае сваякоў у Гомелі. На пошук дадзеных і адрас пайшло некалькі гадзін – і вось я ў суправаджэнні праваабаронцы Андрэя Стрыжака ў кватэры бацькоў Міхася Жызнеўскага. Нас сустрэла разгубленая кабета ва ўзросце Ніна Васільеўна, якая ўжо атрымала сумную вестку ад украінскіх праваахоўнікаў. Сумневаў у тым, што перад намі маці будучага Героя Украіны не заставалася. Аднак да ўзнагароджання загінулага беларуса найвышэйшай украінскай адзнакай заставалася тры гады.

У лістападзе 2014 года на афіцыйным сайце Адміністрацыі прэзідэнта Пятра Парашэнкі з’явіўся спіс Герояў Украіны, сярод якіх не было прозвішчаў беларуса Міхася Жызнеўскага і некалькіх грамадзянаў Грузіі. Тады афіцыйны Кіеў патлумачыў неўключэнне ў спіс герояў беларуса і грузінаў тым, што яны не маюць украінскіх пашпартоў. Маўляў, уганараваць забітых замежнікаў нароўні з украінцамі не дазваляе закон. Гэтая навіна падкасіла Ніну Жызнеўскую і Міхаіла Жызнеўскага-старэйшага, якія пачалі дамагацца перагляду рашэння. У гэты момант плячо састарэлым бацькам падставілі ўкраінскія грамадзяне і неабыякавыя беларусы, якія дапамагалі ў вырашэнні розных пытанняў. Словам, бацькі не засталіся сам насам. І да канца жыцця былі ўдзячныя людзям, якія адгукнуліся на іх бяду.

Для простых людзей з ускраіны Гомеля задача аб наданні іх сыну звання Героя Украіны магла б быць невырашальнай, але не для Жызнеўскіх. Яны паслядоўна дабіваліся ўшанавання памяці Міхася. Ніна Васільеўна і Міхаіл Пятровіч разумелі, што ордэн Героя Украіны для Міхала Жызнеўскага — гэта адначасова і ўшанаванне памяці, і дадатковая абарона для іх саміх. Справа ў тым, што маці Міхася мне некалькі разоў распавядала пра дзікунскія выпадкі, калі суседзі, наглядзеўшыся прапаганды, маглі публічна абразіць ці нават адвесіць аплявуху за „сына-фашыста”. Атрыманне гэтай статуснай узнагароды ад Украіны зняло б усе пытанні падобнага кшталту. У 2017 годзе ўкраінская дзяржава выканала свае абавязкі ў дачыненні да Міхася Жызнеўскага. Ягоныя бацькі былі вельмі радыя такому павароту падзей, але пражылі яны пасля добрай навіны нядоўга. На праваслаўны Вялікдзень 2018 года адышоў у іншы свет Міхаіл Пятровіч, а цягам месяца не стала Ніны Васільеўны. З сям’і Жызнеўскіх засталася толькі сястра Героя Украіны Наталля.

Ёсць нешта містычнае ў тым, як прайшлі шлях да Беларусі Жызнеўскія. Міхасю давялося пражыць няпростае жыццё ва Украіне, загінуць ад кулі невядомага. Але адным з апошніх фотаздымкаў героя, які ён размясціў у сацыяльных сетках напярэадні гібелі, была выява з бел-чырвона-белым сцягам. Ягоныя бацькі, далёкія спачатку ад нацыянальных каштоўнасцяў і перажыванняў, на сконе жыцця сталі палымянымі патрыётамі, якія перажывалі за будучыню Беларусі. Цяпер іх родавы некропаль у вёсцы Сцяг працы – да камуністычнага перайменавання вёска называлася Абрэзы – стаў месцам памяці для грамадзянаў, для якіх незалежнасць Беларусі – гэта каштоўнасць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ