Гіпотэзы ўзнікнення “майдана” ў Магасе



Фармальнага кіраўніка ў інгушскага пратэсту няма. У бестэрміновым мітынгу ўдзельнічаюць старэйшыны амаль усіх інгушскіх тэйпаў. Тэйпы – гэта родавыя адзінкі ў вайнахскіх народаў, да якіх адносяцца інгушы і чачэнцы. Што праўда, інгушы падкрэсліваюць сваю адрознасць ад чачэнцаў, што выяўляецца ў побытавай культуры, традыцыях і гістарычнай памяці. Сярод інгушоў распаўсюджанае меркаванне, што яны прадстаўляюць больш старажытны і карэнны народ. У аснове цяперашняга канфлікта – таксама крыўды 1990-х гадоў, калі да Чачэніі перайшлі некалькі інгушскіх сяленняў на рацэ Фартанга.

А цяпер разглядзім дзве версіі, якія нібыта тлумачаць перадумовы інгушскага “майдану”.

Бадай найпапулярнейшай схемай для інтэрпрэтацыі інгушскіх падзей з’яўляецца “барацьба за прыродныя рэсурсы”. У прыватнасці, многімі аналітыкамі зазначаецца, што прэзідэнт Чачэніі Рамзан Кадыраў можа быць зацікаўлены ў перадачы некалькіх радовішчаў нафты ў распараджэнне кампаніі “Чачэннафтахімпрам”. Гаворыцца пра тое, што нібыта чачэнская кампанія будзе распрацоўваць новыя радовішчы “чорнага золата” каля сяла Даттых. Адпаведна, нежаданне інгушскага насельніцтва перадаваць малазаселеныя тэрыторыі суседу абумоўленыя жаданнем захаваць кантроль над радовішчамі нафты. Гэтая версія, хоць і лёгка тлумачыць прычыны тэрытарыяльнага канфлікту, мала адпавядае рэчаіснасці. Справа ў тым, што пік перапрацоўкі інгушскай нафты прыйшоўся на 1960-я гады. Ужо ў 1970-я, калі на тэрыторыі рэспублікі пабудавалі Вазнясенскі нафтаперапрацоўчы завод, магутнасці прадпрыемства былі загружаныя ўсяго на 15-20% з-за вычарпанасці рэсурсаў. На гэты момант нафтавыя запасы ў Інгушэціі характаразуюцца высокай ступенню выпрацоўкі – да 93%. Некаторыя свідравіны, збудаваныя ў часы СССР, закансерваваныя. Наяўная ў іх нафта – з вельмі высокім утрыманнем серы, што робіць здабычу нерэнтабельнай. Такім чынам, нафта не з’яўляецца прычынай для чачэна-інгушскага супрацьстаяння.

Вельмі арыгінальную версію інгушскіх падзей агучыў украінскі публіцыст Сяргей Клімоўскі ў артыкуле “Навошта Масква падпальвае Каўказ”. Калі падсумаваць высновы публіцыста, атрымліваецца, што Крэмль наўмысна сутыкае ілбамі народы Каўказа, каб надалей заставацца ў ролі арбітра і захоўваць кантроль. Аўтар зазначае, што “Масква… заклапочаная тым, каб узліць “паліва” за каўнер Кадыраву, які стаў занадта самастойным у сваёй вотчыне”. Адпаведна, інгушская сітуацыя – гэта толькі магчымасць зніжэння ўплыву палітыка, які перастаў аглядацца на Маскву, прымаючы некаторыя рашэнні. Пры ўсёй лагічнасці дадзенай гіпотэзы з такой візіяй цяжка пагадзіцца. Справа ў тым, што выкарыстанне лакальных сепаратызмаў на Каўказе для захавання статус-кво – гэта вычварэнскае самазабойства, якое будзе прэтэндаваць сама меней на прэмію Дарвіна. Дзесяцігоддзі адносна мірнага суіснавання народаў на Паўночным Каўказе – гэта вынік жорсткай працы спецслужбаў, а таксама рэкі грашовых датацый. Як толькі адзін з гэтых чыннікаў аслабне, адразу можна чакаць дэстабілізацыю сітуацыі. Бунт адной з рэспублік можа спарадзіць “эфект даміно”. І няма перакананасці, што ў Расеі хопіць рэсурсаў на ўтрыманне сітуацыі.

Аналіз прамоваў лідараў пратэсту ў Магасе дазваляе рабіць выснову пра тое, што асноўным матывам выхаду інгушоў на плошчу стала пачуццё крыўды ад дзеянняў улады. Выступоўцы называюць прэзідэнта Інгушэціі Юнус-Бек Еўкурава “здраднікам народа”, абураюцца тым, што пры рашэнні аб перадачы зямлі ўлады не параіліся з грамадзянамі. У такім разе гэта класічны выпадак пратэсту годнасці. Нешта падобнае мы бачылі ў самым пачатку ўкраінскага Еўрамайдану. Высокая ступень самаарганізацыі мітынгоўцаў, калі ўмомант былі створаныя дружыны для аховы парадку, з’явілася гукаўзмацняльнае абсталяванне, было наладжанае харчаванне – гэта ўсё сведчыць пра глыбінны характар пратэсту, які рэальна падтрымліваецца абсалютнай большасцю насельніцтва рэспублікі. З гэтага гледзішча канфлікт у Інгушэціі – гэта прадвеснік нараджэння грамадзянскай нацыі, якая гатовая змагацца за свае правы і будучыню. У такім разе атрымліваецца, што мы з’яўляемся відавочцамі пачатку новай хвалі адраджэння народаў РФ. І вялікае пытанне, ці гатовыя цэнтральныя ўлады РФ да гэтага сур’ёзнага выкліку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ