Гомельскае метро
У кожнага горада ёсць мара. У Масквы — правесці Чэмпіянат свету па футболе ў 2018 годзе. У Менска — адбудаваць Нямігу. У Беластока — стаць сталіцай беларускага шопінга. У Данецка — скончыць вайну. У горада, дзе жыву я, мара вельмі жыццёвая, хоць, як паказвае гісторыя, зусім утапічная. У Гомелі, які з’яўляецца другім па велічыні горадам Беларусі, дагэтуль няма метро. Па гарадскіх вуліцах нават колы трамвая ніколі не бразгаталі. Але гомельскія летуценнікі не страчваюць надзею, што некалі Беліцу і Сяльмаш, Валатаву і Медгарадок звяжуць лініі самага гарадскога транспарту.
Калі мяне спытае нехта з іншай краіны ці іншага горада, якія асацыяцыі ў мяне выклікае Гомель, я адкажу: трамвай альбо метро як ягоная больш сучасная мадыфікацыя. Чаму трамвай? Таму што за апошнія сто гадоў гісторыі горада над Сожам уласныя трамваі ў Гомелі мусілі з’явіцца тройчы. Першы раз — у пачатку ХХ стагоддзя. Кажуць, што тагачасныя гомельскія буржуа нават згаджаліся інвеставаць у праект гарадскога трамвая. Але ў 1917 годзе бальшавіцкі пераварот перакрэсліў усе планы. Буржуа па зразумелых прычынах з’ехалі, трамвай так і не з’явіўся. Дарэчы, напамін пра нерэалізаваны праект гомельскага трамвая ў іранічнай форме ўвекавечаны ў самым вядомым літаратурным творы пра Гомель. У забароненым савецкай цэнзурай рамане Іллі Эрэнбурга „Бурлівае жыццё Лазіка Ройтшванеца” ёсць такія радкі: „Як ніяк, у Гомелі мноства асветных пачынанняў, два тэатры, цырк, не кажучы ўжо пра кіно (…). У парку, былым Паскевіча, сядзіць на ланцугу сапраўдны воўк і палохае выццём наіўных дзетак. А цалкам распрацаваны праект трамвая? Не, у культурных адносінах Гомель мала чым адрозніваецца ад сталіцы…”.
Другі раз трамвай у Гомелі меўся з’явіцца ў 1940-х гадах, але пачалася вайна. Горад, як і многія іншыя беларускія цэнтры, амаль цалкам быў знішчаны. Тагачасным гомельцам па зразумелых прычынах было не да трамвая. У наступны раз на поўным сур’ёзе пра гарадскі трамвай у Гомелі загаварылі напярэдадні распаду СССР. Аднак пасля Чарнобыля і эканамічнага крызісу, ад якога мы не можам ачомацца дагэтуль, праект трамвая зноў не рэалізаваўся.
Рэспубліка Беларусь. ХХІ стагоддзе. У дырэкцыі па будаўніцтве Менскага метрапалітэна агучылі ідэю стварэння лёгкага метро ў Гомелі. Спецыялісты спасылаюцца на замежны досвед, калі ў гарадах з насельніцтвам у паўмільёна чалавек будуецца так званае лёгкае метро працягласцю ў 30 км. Гэтае выказванне было ўспрынятае гомельскай інтэрнэт-публікай на ура. Праўда, скепсіса ў каментах сустракалася куды больш. Бо ў Беларусі звычайна грошай не хапае менавіта на тыя аб’екты, якія рэальна патрэбныя народу. Але больш за ўсё запомніўся каментар пра тое, што „не мы, дык нашыя ўнукі да сваіх унукаў” на гомельскім метро ўсё-такі прыедуць у госці.