Горкі: помнік расейскаму цару Пятру І
У горадзе Горкі Магілёўскай вобласці з нагоды 75-годдзя вызвалення ад нацыстоўскай акупацыі будзе ўсталяваны дзіўны помнік. Не савецкім ваенаначальнікам ці салдатам Чырвонай арміі, не падпольшчыкам і нават не партызанам. Тамтэйшыя ўлады вырашылі ашчаслівіць народ помнікам расейскаму цару Пятру І – таму самаму, які “прасёк для Масковіі акно ў Еўропу”. Для Расеі гэты персанаж мае вельмі кантраверсійнае значэнне. Нібыта кіруючыся намерамі ўвесці сучасныя парадкі ў сваім адсталым царстве, Пётр І паводзіў сябе як тыповы азіяцкі дэспат. Дзеля сумнеўнай ініцыятывы па ўзвядзенні новай сталіцы на беразе Нявы ён паклаў тысячы жыццяў сваіх падначаленых. А выхад да берагоў Балтыйскага мора каштаваў Масковіі таксама дзясяткаў тысяч жыццяў. Але ў расейскай гістарыяграфіі цар з замашкамі маньяка падаецца ўсё адно як станоўчы герой, які выцягнуў тытанічнымі высілкамі краіну ў клуб звышдзяржаваў. Зрэшты, каліва рацыі ў такім меркаванні ёсць, паколькі менавіта Пётр І з’яўляецца заснавальнікам Расейскай імперыі. Пры ім гэтае дзяржаўнае ўтварэнне канчаткова абазначыла намеры на экспансію ў Еўропе.
А што да Беларусі, то ў гісторыі нашай дзяржавы гэты чалавек пакінуў адназначна адмоўны след. Падчас крывавай Паўночнай вайны, калі Рэч Паспалітая вяла вайну са Швецыяй, Расейская імперыя выступіла на нашым баку ў якасці саюзнікаў. Але падзеі гэтай крывавай бойні працягласцю ў 21 год паказалі, што “саюзнічкі” паводзілі сябе на нашай зямлі горш за акупантаў. У 1705 годзе падчас знаходжання ў Полацку цар Пётр нападпітку зайшоў у храм Святой Сафіі. Паводле розных крыніц, яму вельмі не спадабаліся адказы манахаў, якія распавядалі пра ўніяцкага святога Іязафата Кунцэвіча. У нейкі момант раз’ятраны цар, падагрэты алкаголем, ударыў кулаком у твар вікарыю Канстанціну Заячкоўскаму. А пазней уласнаручна адрэзаў святару шабляй вушы. Такія паводзіны правадыра сталі сігналам для ягонай світы, якая закатавала яшчэ чацвёрых манахаў. Пазней адзін з найстаражытнейшых храмаў нашай часткі Еўропы загадам цара быў ператвораны ў склад пораху. А потым, калі расейскія войскі адыходзілі з Полацка, нашая святыня ўзляцела ў паветра ў выніку выбуху. Гэтаксама “саюзнічкі” паводзілі сябе ў іншых гарадах ВкЛ. Акрамя цяжару даніны і ўтрымання войскаў, пятроўскія жаўнеры і ваяводы спалілі дашчэнту Віцебск, Магілёў, Оршу і яшчэ некалькі важных населеных пунктаў. У выніку Паўночнай вайны загінуў кожны трэці жыхар ВкЛ. Дарэчы, у Шклоўскім графстве, дзе імаверна маглі жыць продкі цяперашняга кіраўніка беларускай дзяржавы, выжыла толькі 10% ад даваеннай колькасці насельніцтва. І вось гэтаму чалавеку, які разрабаваў і знішчыў усходнія гарады ВкЛ, удзячныя нашчадкі збіраюцца паставіць помнік у беларускіх Горках…
У 2008 годзе мне давялося пісаць адну навуковую працу, у якой я параўноўваў праявы “палітыкі памяці” ў беларускім Гомелі і тады яшчэ ўкраінскім Севастопалі. Калі ва Украіне яны ў той момант насілі адкрыта канфрантацыйны характар (усталяванне ў Севастопалі помнікаў імператрыцы Кацярыне і гетману Сагайдачнаму збірала цэлыя мітынгі апанентаў), то ў Беларусі ўсё праходзіла неяк ціха. Напрыклад, у Гомелі на помніку расейскаму дзеячу Мікалаю Румянцаву змясцілі беларускамоўны надпіс, такім чынам упісаўшы яго ў мясцовы наратыў. Але пасля 2014 года ў Беларусі маюць месца тыя самыя праявы “вайны ў сферы палітыкі памяці”, як і ва Украіне ў 2008 годзе. З ініцыятывы мясцовых грамадзянаў ставіцца помнік Тадэвушу Касцюшку, ушаноўваюцца постаці Станіслава Шабунеўскага і Тадэвуша Рэйтана. А расейскія фонды, у сваю чаргу, лепяць паўсюль помнікі Пушкіну. І вось дайшло да ўсталявання помніка стваральніка і ідэолага Расейскай імперыі Пятру І, што на фоне “інтэграцыйных гульняў” для патрыётаў Беларусі ёсць кепскім знакам.