Каму і навошта патрэбны скандал



Абсалютна чакана суд над Марынай Золатавай прыцягнуў вялікую ўвагу СМІ, прадстаўнікоў замежнага дыпламатычнага корпусу і актывістаў праваабарончых арганізацый. Незалежна ад выніку судовага разгляду, ужо можна казаць, што беларуская дзяржава панесла істотныя іміджавыя страты ў вачох міжнароднай супольнасці і грамадства. Калі ж суддзя Заводскага раённага суда вынясе абвінаваўчы прысуд, то можна прагназаваць, што дзяржаве давядзецца развітацца з планамі на паляпшэнне адносін з Захадам, забыцца на некаторыя інвестыцыйныя праекты, на якія так разлічвае кіраўніцтва РБ.

Перадгісторыя пытання была такой. 7 жніўня 2018 года на офісы некалькіх рэдакцый і ў прыватныя кватэры журналістаў уламіліся сілавікі з ператрусамі. Некалькіх журналістаў суправадзілі ў СІЗА, пасля чаго іх дапыталі ў Следчым Камітэце. У першыя гадзіны ў многіх журналістаў узнікла мноства розных версій таго, што здарылася. Агучваліся нават фантастычныя версіі наконт агентаў уплыву суседняй РФ, якія з дапамогай кантраляваных спецслужб ажыццяўляюць зачыстку інфармацыйнага поля Беларусі, каб потым паставіць беларусаў перад фактам развітання з незалежнасцю. Нехта з аналітыкаў выказваў меркаванне, што затрыманні і ператрусы – гэта рэакцыя улады на публікацыі зліваў з расейскага тэлеграм-канала Нязыгар, які распаўсюджваў чуткі пра праблемы са здароўем у кіраўніка дзяржавы. Праз некалькі дзён, аднак, выявілася, што ўся справа ў “несанкцыянаваным доступе да інфармацыйнай прадукцыі БелТА”. То бок, фармальна дзяржаўная інфармацыйная агенцыя выступіла пацярпелым бокам, у якога нібыта незаконным шляхам кралі кантэнт незалежныя СМІ, супрацоўнікі якіх не мелі платнай падпіскі. Пазней прадстаўнік Следчага камітэта, каментуючы справу ў ААН, назваў фігурантаў расследавання “банальнымі хакерамі”. З 14 “банальных хакераў” у працэсе следчых мерапрыемстваў да суда давялі толькі аднаго – рэдактарку TUT.BY Марыну Золатаву. Ёй пагражае, паводле інкрымінаванага артыкула (артыкул 425 ч. 2 КК (Бяздзейнасць службовай асобы), 5 гадоў пазбаўлення волі. На судзе, які пачаўся 12 лютага, аказалася, што ніякіх узломаў сайта БелТА не было, а журналісты-фігуранты атрымлівалі доступ да матэрыялаў па атрыманых імі паролях дзяржаўных выданняў. Але, як выявілася таксама, што ў дамове карыстання не было забароны на перадачу пароляў трэцім асобам. Такім чынам, нават не юрыстам відавочна, што прававых падставаў для пераследу няма. Аднак суддзя адмовіўся падтрымаць хадайніцтва аб прыпыненні крымінальнай справы.

На дадзены момант акалічнасці справы БелТА (тое, як праходзіць суд і як асвятляюць працэс дзяржаўныя СМІ) наводзяць на роздум, што ініцыятары пераследу незалежных СМІ імкнуліся дасягнуць некалькіх задач. Па-першае, дэмаралізаваць рэдакцыі паспяховых незалежных выданняў, пахіснуўшы іх веру ў тое, што, у адрозненне ад фрылансераў і журналістаў замежных СМІ, яны знаходзяцца ў прывілеяваным становішчы. Па-другое, дыскрэдытацыя журналістаў у вачах грамадскасці з пасылам, што яны не ствараюць уласны кантэнт, а паразітуюць на працы БелТА. Па-трэцяе, зачыстка інфармацыйнай прасторы для неканкурэнтаздольных дзяржСМІ.

Нягледзячы на намеры ініцыятараў справы “БелТА”, можна пагадзіцца з падсуднай Марынай Золатавай адносна таго, што наўрад ці на змену TUT.BY прыйдуць дзяржаўныя СМІ, іх месца зоймуць расейскія канкурэнты. 

Беларускае Радыё РАЦЫЯ