Каму выгадная дыскрэдытацыя Валерыя Сахашчыка



У сацыяльных сетках ідзе бурнае абмеркаванне персоны былога камбрыга 38-й Брэсцкай дэсантнай дэвізіі Валерыя Сахашчыка. З лёгкай рукі спецслужбаў, якія пасля ператрусу ў беларускім доме вайскоўца выклалі ў падкантрольных ім тг-каналах фотаздымкі з расейскім пашпартам на імя Валерыя Сахашчыка, можна сказаць, усчаўся скандал. Найбольш актыўную ролю ў асуджэнні афіцэра, які пагадзіўся заняць пасаду прадстаўніка па абароне ў Пераходным кабінеце Святланы Ціханоўскай, занялі дзеячы правага флангу беларускай апазіцыі. Камандзіру, які пагадзіўся на супрацу з эміграцыйным урадам, закідаюць як факт прыхоўвання другога расейскага грамадзянства, так і “крывадушша”. Зрэшты, крывадушша тое заключаецца ў тым, што вінаваўцы ўважліва не прачыталі тлумачэнні падпалкоўніка Сахашчыка, які ён даў некалькім незалежным СМІ. З ягоных словаў вынікае, што расейскае грамадзянства беларус Сахашчык атрымаў у пачатку 1990-х, калі скончыў вучобу ў расейскім вайсковым ВНУ. Пазней, як гаворыць у інтэрв’ю вайсковец, ён працягнуў тэрмін дзеяння пашпарту, паколькі дакумент яму дапамагаў у рэалізацыі бізнесовых праектаў на афрыканскім кантыненце, куды ён мог з расейскім пашпартам ездзіць без візаў. Паводле вайскоўца, з 2012 года ён гэтым дакументам не карыстаўся і нават забыўся на яго.  І вось у 2022 годзе наяўнасць другога грамадзянства, прычым краіны-агрэсара, б’е па іміджы чалавека, які фактычна займае пасаду міністра абароны ў выгнанні.

Адразу зазначым, што тлумачэнні Валерыя Сахашчыка адносна наяўнасці расейскага пашпарту выглядаюць дастаткова лагічнымі, калі ўлічыць, што многія этнічныя беларусы, якія служылі ў арміі ў перыяд распаду СССР, таксама атрымлівалі аўтаматам гэты дакумент. І далёка не ўсе з гэтых людзей падзялялі ў першыя гады незалежнасці Беларусі каштоўнасці Мікалая Статкевіча альбо Сяргея Чыслава.

Валерый Сахашчык ў пачатку 1990-х быў курсантам элітнага Маскоўскага агульнавайскавога вучылішча, што не магло не адбіцца на ягоных тагачасных поглядах. Але пік ягонай кар’еры ўсё ж прыпаў на гады незалежнай Беларусі, дзе ён сябе рэалізаваў як добры арганізатар і аўтарытэтны камандзір. У 2000-х гадах ён завязаў з вайсковай службай і заняўся будаўнічым бізнесам, які таксама паспяхова развіваецца дагэтуль. Інакш кажучы, чалавек дасягнуў высокіх вынікаў у галоўных для яго прафесійных сферах. І ён бы мог цяпер жыць спакойна ў бяспечнай краіне ЕЗ, але ў 2020 годзе ён асудзіў гвалт беларускіх сілавікоў. А ў лютым 2022 года, калі пачалася вайна Расеі супраць Украіны, выступіў з рэзанансным зваротам да беларускай арміі, які праглядзелі мільёны людзей. Няма сумневу, што разгубленасць часткі афіцэрскага корпуса Беларусі шмат у чым звязаная менавіта з антываенным зваротам Валерыя Сахашчыка. У будучым украінская дзяржава па-любому ўшануе беларускага афіцэра за яго ўнёсак у недапушчэнне ўцягвання ў вайну беларускай арміі. Такім чынам, біяграфія Валерыя Сахашчыка — той выпадак, калі важныя дзеянні. А тым, хто наракае на расейскі пашпарт Валерыя Сахашчыка, варта пачытаць мемуары айца фінскай дзяржаўнасці Карла Манергейма, які нанёс некалькі ваенных параз расейскім бальшавікам, з’яўляючыся да скону перакананым расейскім манархістам. З беларускага прыкладу стогадовай даўніны можна прыгадаць генерала Станіслава Булак-Булаховіча, які за пару год пасля распаду Расейскай імперыі паспеў паслужыць некалькім дзяржавам. Калі прааналізаваць, каму выгадная дыскрэдытацыя Валерыя Сахашчыка, то выснова таксама напрошваецца сама па сабе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ