Каму выгадная гісторыя пра „дзяржпераварот”?
Кіраўнік расейскай дзяржавы Уладзімір Пуцін звярнуўся з пасланнем да Федэральнага сходу. На гэтую ўнутрырасейскую падзею ўвогуле можна было б не рэагаваць жыхарам незалежнай Беларусі, каб не чарада трывожных падзей, якія папярэднічалі выступу. Некалькі дзён таму ў Маскве былі затрыманыя грамадзяне Беларусі Аляксандр Фядута і Юрась Зянковіч, якія, паводле афіцыйнай версіі, нібыта рыхтавалі “ваенны пераварот”. Гэтую ж інфармацыю па гарачых слядах пацвердзіла галоўная расейская спецслужба ФСБ. Паралельна ў Менск зачасцілі разнастайныя дэлагацыі з РФ. У тым ліку расейскі прэм’ер Міхаіл Мішусцін, перамовы з якім прайшлі збольшага за зачыненымі дзвярыма. Кіраўнік беларускай дзяржавы, сваёй чаргой, на суботніку анансаваў прыняцце “самага важнага за 25 гадоў прэзідэнцтва дэкрэту”. Градус панічных настрояў узняўся яшчэ вышэй, калі менчукі заўважылі раніцай 21 красавіка інтэнсіўныя перамяшчэнні сілавікоў і тэхнікі па вуліцах горада. Усе гэтыя факты, асабліва калі ўлічыць няпростую геапалітычную сітуацыю ў нашай частцы свету, сапраўды даюць падставы меркаваць пра прамую небяспеку беларускай незалежнасці. І менавіта таму многія палітычна актыўныя беларусы з хваляваннем чакалі выступу расейскага кіраўніка.
Прамова Уладзіміра Пуціна, якую ён зачытаў перад афіцыйнымі элітамі РФ, зрэшты, аказалася банальнай па змесце, пазбаўленая якой-кольвек сенсацыйнасці. На фоне ягоных малацікавых выказванняў пра рэфармаванне сістэмы сацыяльнай дапамогі і патрэбы ў мадэрнізацыі эканомікі краіны вылучыліся некалькі хвілін, якія ён надаў Беларусі. Нечаканы пераход да тэмы палітычнай сітуацыі ў суверэннай краіне адбыўся пасля ягоных выказванняў пра сэнс міжнароднай палітыкі Расеі, якая мае свае інтарэсы і будзе іх абараняць у межах міжнароднага права. Затым расейскі “нацлідар” папікнуў калектыўны Захад тым, што краіны дэмакратычнага свету аніяк не адрэагавалі на “факт прамой спробы арганізацыі перавароту”. У развіццё сваёй думкі ён працягнуў разважаць пра тое, якія негатыўныя наступствы чакалі б Беларусь, каб спроба дзяржперавароту рэальна была прынятая. І пазней прывёў у якасці негатыўнага прыкладу Украіну, дзе, на думку Пуціна, якраз адбыўся ўзброены пераварот, які прывёў да шматлікіх бедстваў.
Аналізуючы змест выступу Пуціна, у якім ён пацвердзіў рэальнасць падрыхтоўкі ваеннага перавароту ў Беларусі, складваецца ўражанне, што ўся гэтая гісторыя выгадная найперш самой Маскве па некалькіх прычынах. З аднаго боку, Крэмль аказвае паслугу свайму саюзніку тым, што дапамагае яму ва ўнутрыпалітычнай барацьбе. Наўзамен, аднак, ад афіцыйнага Менску чакаюцца шэраг саступак. На што канкрэтна разлічвае Масква ў сітуацыі, калі афіцыйнае кіраўніцтва Беларусі фактычна залежыць ад добрай волі расейскага саюзніка, можам дазнацца ў бліжэйшы час, калі адбудзецца анансаваная сустрэча двух калегаў. Але няма сумневу, што Расея выцісне з беларускага цугцванга для сябе па максімуме.