Канец эпохі годнасці



Адзін з вядоўцаў папулярнай украінскай тэлепраграмы “Квартал 95” у суправаджэнні прафесійных вакалістак у нацыянальных строях заспяваў пераробленую народную песню “Горіла сосна”. У тэксце новай песні спявалася, праўда, не пра лёс дзяўчыны, якую выдаюць замуж, а пра спаленую хату жыхаркі Лондана Валерыі. Для тых, хто па-за ўкраінскім палітычным кантэкстам, варта патлумачыць, што “жыхарка Лондана Валерыя” – гэта паспяховая ўкраінская рэфарматарка і былая старшынька Нацыянальнага Банка Украіны Валерыя Гонтарава. У 2016 годзе, калі паўстала пагроза паралюша ўсёй банкаўскай сістэмы Украіны праз вывад вялікіх сумаў грошай з аднаго з найбольш заможных банкаў “Прыватбанка”, Валерыя Гонтарава пайшла на нацыяналізацыю гэтага банка і ўлівання ў яго сотні мільярдаў грывень. Тады гэтая мера выратавала банкаўскую сістэму Украіны, зрабіла яе стабільнай, за што спадарыню Гонтараву запаважалі заходнія інвестары і фонды. Але ўласнік “Прыватбанка” Ігар Каламойскі наадварот, як і варта было чакаць, гэтай меры не ўзрадваўся.

Пасля змены ўлады, у выніку чаго ва Украіне прэзідэнцкую пасаду заняў прыяцель Ігара Каламойскага Уладзімір Зяленскі, некаторыя былыя паплечнікі Пятра Парашэнкі былі вымушаныя з’ехаць з краіны, непакоячыся пра сваю будучыню. Валерыя Гонтарава эмігравала ў Вялікабрытанію. Паводле дзіўнага збегу абставінаў, за апошнія некалькі месяцаў у былой старшынькі Нацбанка Украіны здарылася некалькі няшчасцяў: яе саму збіла машына на вуліцах Лондана, аўтамабіль сваякоў падпалілі, а потым запалаў катэдж Гонтаравай пад Кіевам. Вось менавіта пра гэтае здарэнне і праспявалі комікі з “Квартала 95” у суправаджэнні хора імя Рыгора Вяроўкі. У песні сустракаліся словы пра “саляру”, якую падлівалі неабыякавыя людзі ў полымя, а таксама пра “шашлык”, які смажыўся на папялішчы. Здавалася б, тыповы нумар “Квартала 95”, якім раней кіраваў Уладзімір Зяленскі, хоць некаторыя сведчаць, што цяперашні прэзідэнт Украіны дагэтуль прысутнічае ў планёрках творчага калектыву. Але ў сітуацыі з пераробкай “Горіла сосна” варта звярнуць увагу на тры моманты. Па-першае, канал “1+1”, на якім транслюецца вечаровае шоу “Квартал 95”, належыць усё таму ж пакрыўджанаму Валерыяй Гонтаравай алігарху Ігару Каламойскаму. Па-другое, “чорны гумар” у дачыненні да прадстаўніка былой, а не цяперашняй эліты, – гэта яўна не смелы ўчынак, а нешта сумнеўнае з прыкметамі “замовы”. Па-трэцяе, украінскае грамадства абурылася ўдзелам у тэлевізійнай правакацыі заслужанага калектыва, які атрымаў за некалькі хвілінаў выступу 30 тысяч грывень. Украінскія грамадзяне паставілі відэа дзясяткі тысяч дызлайкаў. На гэтую тэму выказаліся многія аўтарытэтныя ва Украіне людзі. А шараговыя падаткаплацельшчыкі задумаліся пра мэтазгоднасць фінансавання дзяржавай так званых народных і заслужаных калектываў, якія з часоў СССР займаюцца прапагандай мастацтва, якое мала мае дачынення да карнявой культуры Украіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ