Каронавірусны эфект даміно



Пандэмія каронавірусу, у якую ўсё больш занураецца Беларусь, закранае не толькі сферу медычнага абслугоўвання. У фокусе СМІ, зразумела, перадусім — гатоўнасць медустановаў да працы ва ўмовах надзвычайнай сітуацыі і самі медыкі, якія знаходзяцца на перадавой змагання з covid-19. Аднак уплыў пандэміі на ўвесь свет увогуле і Беларусь у прыватнасці настолькі вялікі, што можна гаварыць пра маштабны крызіс, які ў выніку здольны перафарматаваць дачыненні паміж дзяржавай і грамадствам. Па сутнасці, мы ўсе з’яўляемся сведкамі падзеі, якая ў любым разе, незалежна ад перыяду працягласці пандэміі, зменіць многае ў нашым звыклым светапарадку.

Яшчэ два месяцы таму, да таго як СМІ паведамілі пра першага пацыента з каронавірусам у Беларусі, аналітыкі задаваліся пытаннем, ці паўплывае пандэмія на беларускую гаспадарку. У асноўным сыходзіліся на думцы, што ўплыў будзе нязначным, калі ўлады здолеюць утрымаць распаўсюд інфекцыі пад кантролем. А абвал нацыянальнай валюты альбо калапс цэлых галінаў гаспадаркі ўспрымаўся толькі ў самых змрочных гіпатэтычных сцэнарах. Яшчэ ў лютым мала хто мог уявіць, што ўсе суседнія краіны раптоўна закрыюць межы, а наш “саюзнік” Расея, вельмі зацікаўленая ў існаванні агульнай бязмытнай прасторы, сама ініцыюе мытны і памежны кантроль. Услед за ростам колькасці інфікаваных паступова пачне згортвацца сфера абслугоўвання, гандаль, транспарт і будаўнічыя паслугі.

Хоць медыкі насамрэч прынялі на сябе асноўны ўдар інфекцыі, але пацярпелі таксама і прадстаўнікі прафесій, пра якіх не прынята гаварыць у гераічных катэгорыях. Уласнікі кавярняў пачалі ўжо масава звальняць сваіх супрацоўнікаў, а нядаўна паспяховыя ІТ-спецыялісты сталі забіраць свае працоўныя кніжкі з кампаній. Міжнародныя транспартныя перавозкі апынуліся на мяжы выжывання. Адзін знаёмы бізнесовец-транспартнік распавёў пра дылему, з якой сутыкнуліся прадстаўнікі яго сферы: “Мы яшчэ некалькі тыдняў таму ўрэзалі заробкі ўсім у кампаніі на 50%, каб захаваць кадры. Спадзяемся ператрываць, хоць крызіс будзе страшнейшы, чым у 2008 годзе”.

У няпростай сітуацыі таксама і школьныя настаўнікі. Яшчэ падчас веснавых канікулаў не было вядома, якое рашэнне прыме Міністэрства адукацыі адносна навучання школьнікаў у гэтым навучальным годзе. Некаторыя прасунутыя настаўнікі нават пачалі распрацоўваць курсы для анлайн-навучання, але раптам кіраўнік дзяржавы заявіў, што ён супраць падаўжэння вакацый. Міністэрства адукацыі ўзяло пад брылёк, заявіўшы пра пачатак новай чвэрці. Гэта выклікала разгубленасць сярод бацькоў, многія з якіх, асабліва ў вялікіх гарадах, прынялі рашэнне аб самаізаляцыі сваіх дзяцей. Міністэрства адукацыі ў гэтай сітуацыі дзейнічала інэртна, па факце заявіўшы пра тое, што адсутным у школе дзецям выставяцца адзнакі па выніках трох навучальных чвэрцяў…

Трэба сказаць, што рэагаванне па факце — фірмовы стыль афіцыйных уладаў, якія прызвычаіліся дзейнічаць прэвентыўна толькі ў выпадку нейтралізацыі палітычных супернікаў, але дэманструюць сціплыя вынікі ў плане супрацьстаяння пандэміі каронавірусу.

Пра адсутнасць падтрымкі з боку дзяржавы заяўляюць індывідуальныя прадпрымальнікі, якія ва ўмовах адсутнасці пакупнікоў, вымушаныя плаціць у ранейшым аб’ёме арэндную плату. Калі такая тэндэнцыя захаваецца, дзясяткі тысячаў нашых суайчыннікаў хутка апынуцца на вуліцы без сродкаў да існавання.

Неабароненасць касіраў у прадуктовых крамах, праз якіх штодня праходзяць сотні пакупнікоў, — асобная тэма. Гэтак жа і рызыкі, якія паўсталі перад кур’ерамі інтэрнэт-гіпермаркетаў. Словам, усё толькі пачынаецца. І калі на дзяржаву спадзеваў вялікіх няма, то хочацца верыць, што беларускае грамадства ўсё-такі здолее з годнасцю прайсці праз усе выпрабаванні. Дзеля выратавання нам усім давядзецца аб’ядноўвацца і быць салідарнымі. Выратаванне тапельца — справа рук самога тапельца.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ