Пра глабальны Галадамор
Міністр замежных справаў Нямеччыны Аналена Бербок на сустрэчы з калегамі ў штаб-кватэры ААН раскрытыкавала Расею за тое, што дзеянні пуцінскай арміі ва Украіне адаб’юцца на самаадчуванні многіх жыхароў планеты. “Расея вядзе жорсткую вайну не толькі танкамі, ракетамі і бомбамі. РФ вядзе гэтую вайну яшчэ адной жахлівай і менш гучнай зброяй: голадам і галечай”, — заявіла прадстаўнічка Нямеччыны. Дыпламат абвінаваціла РФ у тым, што гэтая дзяржава блакуе экспарт зерня з Украіны. Гэта робіцца, паводле яе словаў, праз блакаванне ўкраінскіх портаў, разбурэнні зернясховішчаў, інфраструктуры і г.д. Занепакоенасць Аналены Бербок падзяляюць эксперты Міжнароднага валютнага фонду, якія прынялі рашэнне аб выдзяленні 30 млрд долараў на забеспячэнне харчовай бяспекі ў краінах Афрыкі, Бліжняга Усхода, Усходняй Еўропы, Сярэдняй і Паўднёвай Азіі. Гэтыя рэгіёны знаходзяцца ў зоне рызыкі па прычыне блакавання ўкраінскай сяльгаспрадукцыі РФ.
Агульная несуцяшальная карціна на сусветным рынку прадуктаў харчавання выглядае яшчэ больш змрочнай, калі ўлічыць надвор’е ў Індыі, Пакістане, дзе ў апошнія тыдні трымаецца анамальная спёка, якая перавышае сярэднегадавыя нормы на 5-7 градусаў. Адпаведна, існуе рызыка таго, што жыхары адных з самых густанаселеных рэгіёнаў планеты застануцца без ураджаю. І на гэтым фоне мы чытаем штодня навіны пра тое, як вайна ва Украіне прыводзіць да скарачэння пасяўных плошчаў, да знішчэння сельскагаспадарчых аб’ектаў і бескантрольнага вывазу ўкраінскага зерня.
Дастаткова згадаць толькі дзве нядаўнія навіны, звязаныя з уплывам ваенных дзеянняў на сельскую гаспадарку Украіны, каб уявіць маштаб праблемы. Некалькі дзён таму сусветныя СМІ апублікавалі фота расейскага судна “Матрос Пазыніч” са скрадзеным украінскім зернем на борце ў сірыйскім порце Латакія. Прыгоды гэтага судна пачаліся, зрэшты, з анексаванага Крыму, куды, паводле дадзеных украінскай выведкі, былі дастаўленыя каля 400-500 тысяч тон украінскага зерня, вывезенага з акупаваных раёнаў Херсонскай, Запарожскай абласцей Украіны. Спачатку балкер з часткай нарабаванага зерня адправіўся праз Басфор у Егіпет, але мясцовыя ўлады пасля інфармавання адмовіліся прыняць партыю зерня. Пазней судна выйшла ў сірыйскую Латакію, дзе, відаць, улады не сільна пераймаюцца пытаннямі легальнасці грузаў. У дадзенай інфармацыі мы бачым, як украінскае зерне незаконнымі шляхамі вывозіцца з Украіны і рэалізуецца ў краінах з сумнеўнай рэпутацыяй. Можна лёгка ўявіць, куды і на якія патрэбы ідуць сродкі ад рэалізаванага ў Сірыі зерня.
Другі прыклад. Украінскія медыі паведамляюць пра знішчэнне ў горадзе Рубежным Луганскай вобласці сучаснага зернясховішча, узведзенага ў 2020 годзе з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій. Кіраўнік Луганскай цывільна-вайсковай адміністрацыі Сяргей Гайдай у адным з інтэрв’ю распавядае пра тое, што на спадаражнікавых здымках бачныя на месцы комплекса гіганцкія варонкі. Гайдай адзначае, што на знішчаным прадпрыемстве была ўсталяваная сучасная лабараторыя, якая забяспечвала дакладныя аналізы культур, зернесушылка магутнасцю ў 1500 тон у суткі і зернясховішча, якое магло захоўваць адначасова 30 тысяч тон зерня. У разбомбленым элеватары ў Рубежным, як паведамляецца, захоўвалася 17 тысяч тон пшаніцы і 8,5 тысяч тон сланечніка. Украінскія спецыялісты гавораць, што гэтых запасаў зерня хапіла б, каб цягам году хлебам кармілі прыкладна 300 тысяч чалавек. Улічваючы тое, што Украіна з’яўляецца адным з сусветных лідараў па экспарце зерня, а канцу вайне не бачна, то можна ўявіць далёкасяжныя наступствы ад такіх дзеянняў РФ. Гэтую палітыку па знішчэнні ўраджая і па экспрапрыяцыі зерня ў “непаслухмяных” украінцаў можна параўноўваць з Галадаморам 1930-х. Толькі з адной розніцай, што пацерпяць ад гэтага не толькі ўкраінцы, але і мільёны людзей ва ўсім свеце.