Хмары над Трампам



У ЗША набірае абароты скандал вакол тэлефоннай размовы Дональда Трампа з украінскім калегам Уладзімірам Зяленскім, якая адбылася 25 ліпеня гэтага году. Згодна данясенню амерыканскай выведкі, якое трапіла ў Палату прадстаўнікоў ЗША, а потым і ў СМІ, Дональд Трамп аказваў ціск на свайго суразмоўцу і вырашаў свае палітычныя інтарэсы, якія маглі прывесці да ўмяшальніцтва замежнай дзяржавы ў працэс выбараў 2020 года. Гаворка ідзе пра тое, што прэзідэнт Трамп нібыта намякаў Зяленскаму, каб ён выкарыстаў свае магчымасці для збору кампрамата на сына галоўнага канкурэнта ад Дэмакратычнай партыі Джо Байдэна Хантэра, які да красавіка 2019 года працаваў сярод топ-менеджараў украінскай газавай кампаніі “Бурысма”. У дзеяннях прэзідэнта Трампа, паводле амерыканскай выведкі, ёсць прыкметы злоўжывання службовым становішчам і пагроза нацыянальнай бяспецы. За гэтую сітуацыю, вядома, ухапіліся апаненты Трампа з Дэмакратычнай партыі ЗША, а спікер амерыканскай Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэласі фактычна распачала працэдуру імпічмента.

Адміністрацыя Белага Дому, паводле іншых данясенняў, пасля рэзанансу ад гэтай гісторыі пачала спрабаваць прыхаваць зместы размоваў з Зяленскім, аднак пад ціскам медыя і грамадскасці Дональд Трамп пагадзіўся выкласці стэнаграму скандальнай размовы. З гэтага тэкста, які, дарэчы, ёсць у свабодным доступе, вынікае шмат цікавых момантаў вялікай палітыкі, аднак, відавочнага крыміналу няма. У размове двух лідараў сапраўды гучаць узаемныя кампліменты, а таксама надзеі на тое, што супраца Украіны і ЗША будзе паглыбляцца. Ёсць там і намёкі з боку Трампа на тое, каб новы прэзідэнт Украіны дакапаўся да ісціны і прадаставіў факты пра сына Байдэна генпракурору ЗША. Паралельна з вырашэннем гэтай прыватнай задачы два суразмоўцы прайшліся з крытыкай па лідарах ЕЗ Ангеле Меркель і Эмануэлю Макрону, якія быццам бы аказваюць недастаткова дапамогі Украіне і не дапрацоўваюць у плане санкцый у дачыненні да Расеі. Вось гэты момант з неасцярожнымі фразамі можа ўскладніць камунікацыю ўкраінскіх уладаў з еўрапейскімі партнёрамі. А што да Дональда Трампа, то ягоныя паводзіны сведчаць пра тое, што прыбыванне на пасадзе прэзідэнта мала што змяніла ў ягоных рэфлексах бізнесоўца. Ён і ў палітыцы намагаецца вырашаць свае праблемы аператыўна і жорстка, не надта выбіраючы сродкі.

У гэты момант у амерыканскім Кангрэсе праводзіцца спецыяльнае расследаванне ў дачыненні да дзеянняў Дональда Трампа, пасля чаго дэпутатам будзе прапанавана выказацца на тэму магчымага імпічменту. Што праўда, уся задума з імпічментам выглядае нацягнутай за вушы, паколькі ў амерыканскай канстытуцыі падставай для зняцця прэзідэнта з пасады з’яўляюцца факты “дзяржаўнай здрады, хабарніцтва альбо іншыя сур’ёзныя злачынствы і правапарушэнні”. Дзеянні Дональда Трампа пры ўсім жаданні не цягнуць на гэтыя пункты, хоць, няма сумневу, уцечка інфармацыі пра змест перамоваў, адаб’ецца негатыўным чынам на ягонай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ