Хто стаіць за актывізацыяй грузінскіх ультраправых?



Гэтай вясной у Грузіі прайшла дастаткова масавая акцыя пратэсту моладзі супраць нематывавана жорсткіх дзеянняў паліцыі. Гаворка ідзе пра тое, што ў адну ноч праваахоўнікі здзейснілі антынаркатычны рэйд па некалькіх начных клубах, у межах чаго былі затрыманыя 8 наркагандляроў. Сведкі паліцэйскай спецаперацыі заяўляюць, што насамрэч праваахоўнікі беспадстаўна дапусцілі гвалт у дачыненні да многіх маладзёнаў. Неабгрунтавана жорсткія метады працы паліцыі і бяспраўе вывелі на вуліцу Тбілісі да 15 тысяч чалавек. Сітуацыя была настолькі сур’ёзнай, што на яе адрэагаваў міністр унутраных справаў, які ўзяў інцыдэнт пад кантроль і паабяцаў правесці службовую праверку адносна паліцэйскіх, што ўдзельнічалі ў рэйдзе.

Аднак цікавы не сам факт змагання грузінаў за свае правы, колькі тое, што паралельна з акцыяй супраціву паліцэйскаму бязмежжу гучна пра сябе заявілі нацыяналісты з “Нацыянальнай еднасці Грузіі”. Яны спрабавалі сарваць пратэст. Толькі кардоны праваахоўнікаў дапамаглі пазбегчы масавых закалотаў.

Што з сябе ўяўляюць нацыяналістычныя рухі Грузіі? У гэтай краіне дзейнічаюць некалькі радыкальных арганізацый, якія абвясцілі вайну мігрантам і ліберальным каштоўнасцям. Падтрымліваюць гэтыя структуры, як правіла, найменш адукаваныя слаі насельніцтва. Найбольшую небяспеку для Грузіі, паводле нацыяналістаў, нясуць каштоўнасці Захаду, якія разбураюць асновы грузінскай духоўнасці. У прыватнасці, гаворыцца пра недапушчальнасць правядзення гей-парадаў і легалізацыі аднаполых шлюбаў.

Аднак цэнтральнае месца ва ўсіх выступах правадыроў ультраправых – змаганне з замежнікамі, якія спрабуюць узяць пад кантроль бізнес. Асабліва дастаецца ад нацыяналістаў туркам і арабам, якія нібыта скупілі палову нерухомасці Тбілісі. Насамрэч, згодна статыстыцы, з замежнікаў-уласнікаў нерухомасці ў Грузіі выхадцы з Бліжняга Усходу і Турцыі складаюць усяго толькі 5%. Ці не палова жыллёвага фонду, набытага замежнікамі, належыць грамадзянам Расійскай Федэрацыі.

Грузінскія палітолагі заўважаюць, што, паводле “дзіўнага збегу абставін”, лідары ўльтраправых груповак піярацца ў асноўным на расійскіх тэлеканалах. Дзейнасць некаторых з іх асвятляецца на Інтэрнэт-рэсурсах, якія могуць фінансава падтрымлівацца Крамлём. Такія высновы сведчаць пра тое, што РФ напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў магла зрабіць стаўку на пэўныя палітычныя сілы, якія дазваляюць знешняму гульцу ўплываць на грузінскую палітыку.

Навошта Расеі падтрымліваць грузінскіх нацыяналістаў? Па-першае, наяўнасць альтэрнатыўнага руху, які абапіраецца на настроі вуліцы, дазваляе Крамлю ў любы момант задзейнічаць сцэнар дэстабілізацыі гэтай каўказскай рэспублікі. Па-другое, функцыянаванне моцных антытурэцкіх сіл у Грузіі выгадна наўпрост Расеі, якая традыцыйна імкнецца мінімізаваць турэцкія геапалітычныя апетыты на Каўказе. Па-трэцяе, грузінскія ўльтраправыя могуць быць фактарам ціску на ўлады з мэтай недапушчэння далейшага збліжэння Сакартвэла з NATO.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ