Кліпавае мысленне носьбітаў сталінізму



Праводзячы раз-пораз апытанкі сярод жыхароў Беларусі, сутыкаўся з такой цікавай групай рэспандэнтаў як моладзь, якая настальгуе па СССР. Гэтая катэгорыя грамадзян, якая нарадзілася ўжо ў незалежнай Беларусі, чамусьці перакананая ў перавагах камуністычнага ладу, гатовая з пенай ля рота даводзіць, што ў часы СССР марозіва было смачнейшае і ўвогуле было болей сацыяльнай справядлівасці. Калі ж гэтых людзей пачынаеш распытваць падрабязнасці пра СССР, то ў адказ звычайна можна пачуць толькі прапагандысцкія клішэ. Іх адказы не ўтрымліваюць глыбокіх ведаў, не падмацаваныя жыццёвым досведам. Такую асаблівасць успрымання рэчаіснасці, калі з мінулага селектыўным чынам адбіраецца толькі пазітыў, можна назваць кліпавасцю мыслення. Амерыканскі сацыёлаг і футуролаг Элвін Тофлер заўважаў, што асновай такога мыслення з’яўляецца бясконцае мільганне інфармацыйных адрэзкаў. Носьбіт кліпавай культуры перапрацоўвае шмат інфармацыі, але павярхоўна і без глыбокіх высноваў. І хоць у наш час толькі па Інтэрнэце гуляюць сотні тысяч гігабайт інфармацыі пра сапраўдныя рэаліі жыцця ў СССР з ягоным адвечным дэпрэсняком, убогім культурным жыццём, канцлагерамі, таварнымі дэфіцытамі і прамысловай адсталасцю, прыхільнікаў таго дзяржаўнага ладу ўсё адно застаецца даволі шмат.

Сябры берасцейскай грамадскай ініцыятывы “За свой горад” звярнуліся ў Міністэрства культуры РБ з нагоды парушэння ахоўнага заканадаўства, якое здзяйснялі актывісты мясцовага БРСМ. На адным з гістарычных карпусоў берасцейскай крэпасці маладзёны арганізавалі “парк савецкага перыяду”, самавольна аздобіўшы сцены Моладзевага патрыятычнага цэнтру цытатамі Сталіна, насценгазетамі і мілітарысцкімі фотаінсталяцыямі. Міністэрства культуры адрэагавала па законе, загадаўшы прыбраць з гістарычнага будынка надпісы, а выканаўцаў пакараць. У гэтай сітуацыі – два аспекты. З аднаго боку, добра, што маладыя сталіністы будуць вымушаныя прыбраць за сабой. З іншага, пакідае дваістае ўражанне тое, што выявы аднаго з найвялікшых злачынцаў ХХ стагоддзя можна прыбраць, спаслаўшыся толькі на заканадаўства аб ахове помнікаў. Іншых прававых інструментаў уздзеяння на таварышаў, якія праслаўляюць ідэолага і арганізатара класавага тэрору, стваральніка канцлагераў і ўзурпатара, відаць, проста няма. Пакуль беларуская дзяржава дае зялёнае святло на існаванне сумнеўных аб’ектаў кшталту комплекса Лінія Сталіна, пакуль не праведзеная дэкамунізацыя вуліц і на нашых плошчах стаяць помнікі бальшавіцкім правадырам, іншага чакаць не выпадае.

На гэты момант улады Беларусі хаваюць любыя спрэчныя пытанні адносна камуністычнага мінулага за фразай “гэта таксама нашая гісторыя”. А спробы крытычна падысці да аналізу папярэдняй гістарычнай эпохі часта называюцца рэвізіянізмам. Што праўда, пакуль адкрыта крытыкаваць савецкі перыяд беларускай дзяржаўнасці не забараняецца. І гэта дае спадзеў на тое, што некалі ўсё-такі праблема адэкватнай ацэнкі савецкай спадчыны перастане знаходзіцца на маргінэсе грамадскіх працэсаў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ