Колькасны і якасны складнікі пратэстаў



У Беларусі без перабольшання прайшлі напружаныя выходныя. Удзельнікі перамоваў у Сочы з беларускага афіцыйнага боку невялічкімі інфармацыйнымі порцыямі кормяць грамадства тым, што дамагліся тактычных перамогаў у плане цэнаў на імпарт вуглевадародаў і прыбралі бар’еры для паставак прадуктаў харчавання на расейскі рынак. Што праўда, расейскі бок гэтыя ж самыя рашэнні ў сваіх СМІ прадстаўляе як сваю перамогу. Прадстаўнікі незалежнага грамадства, у сваю чаргу, аналізуюць эфектыўнасць акцый у падтрымку суверэнітэту краіны. Паводле розных падлікаў, у акцыях у Менску кожны дзень прыблізна ўдзельнічала да 1 тысячы чалавек. Па завяршэнні масавых мерапрыемстваў пачалі раздавацца галасы крытыкаў у сацыяльных сетках і на адыёзных рэсурсах. У шматлікіх публікацыях гаворыцца пра правал акцый у падтрымку незалежнасці, паколькі, па-першае, выйшла пратэставаць нязначная колькасць, а, па-другое, дэманстранты нібыта падыгралі ўладам на перамовах у Сочы. Разбяром гэтыя два тэзісы.

1 тысяча чалавек на акцыі ў падтрымку незалежнасці – гэта многа ці мала? Калі падыходзіць да аналізу пытання выключна, карыстаючыся колькаснымі паказнікамі, то, здаецца, падставаў для аптымізму не надта многа. Аднак на справе варта ўлічваць, што рэаліі аўтарытарызму нікуды не падзеліся. Без сумневу, пагроза быць рэпрэсаваным пасля ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі магла паўплываць на масавасць мерапрыемства. Але, як падаецца, удзельнікаў акцый магло быць у некалькі разоў больш, каб грамадства ясна зразумела, што менавіта цяпер над будучыняй краіны навісла сур’ёзная пагроза. Многія прыхільнікі незалежнасці не разумеюць, чым сутнасна адрозніваецца пасяджэнне ў Сочы ад дзясяткаў падобных сустрэч у мінулым, якія нічым не скончваліся. Разам з тым, грамадства, калі прааналізаваць колькасць праглядаў матэрыялаў пра акцыі ў падтрымку суверэнітэта, уважліва сачыла за падзеямі. То бок, гаварыць пра пасіўнасць беларусаў не выпадае. Больш за тое, 1 тысяча ўдзельнікаў на пратэсце, калі нічога не вядома пра дэталі пагадненняў з расейскім бокам, – гэта вельмі някепскі вынік. Параўнайма лічбу пратэстоўцаў з акцыяй, якая папярэднічала кіеўскаму Майдану ў 2013 годзе. Тады ўкраінскі спецназ разагнаў пару сотняў прыхільнікаў еўраінтэграцыі, пасля чаго пачаліся працяглыя акцыі пратэсту. Для Украіны з насельніцтвам каля 45 мільёнаў чалавек акцыя з удзелам у некалькі сотняў і для Беларусі з насельніцтвам у 10 мільёнаў мабілізаваць на пратэст 1 тысячу чалавек – розныя па ступені складанасці задачы. Адпаведна, калі казаць пра пратэстны патэнцыял у Беларусі, то ён выглядае досыць высокім, асабліва ўлічваючы, што на акцыю ў Менску выходзілі прыхільнікі ідэйнага пратэсту (матывацыя абаронцаў незалежнасці больш складаная, чым ва ўдзельнікаў якіх-небудзь стыхійных сацыяльных альбо эканамічных пратэстаў). Такім чынам, 1 тысяча рашучых пратэстоўцаў на вуліцах Менску – гэта авангард магчымага пратэсту, за якім могуць стаяць сотні тысяч людзей. А гэта якраз добрая навіна.

Ці падыгралі менскія дэманстранты ўладам, якія праводзілі перамовы ў Сочы. Безумоўна, падыгралі, узмацніўшы пазіцыі афіцыйнага Менска тым, што папалохалі ў чарговы раз расейскі бок магчымай альтэрнатывай цяперашнім уладам Беларусі. Вядома, для Масквы прыход да ўлады ў Беларусі праеўрапейскай і нацыяналістычнай апазіцыі – страшны сон, перад якім драбнее любы эканамічны разлік. Разам з тым, як слушна адзначае адзін з лідараў пратэсту Павал Севярынец, акцыі ў абарону незалежнасці – той рэдкі момант, калі нацыянальныя інтарэсы Беларусі і афіцыйных уладаў супалі. А калі так, чаму б не скарыстацца момантам?

Беларускае Радыё РАЦЫЯ