Крымазамяняльнік



У 35-градусную летнюю спёку асабліва разумееш, што файна жыць у горадзе, які стаіць на вялікай рацэ. А калі ўлічыць, што гэтая рака з’яўляецца адной з найбольш чыстых у Еўропе (прынамсі, у гэтым перакананы мясцовы народ), дык увогуле жыццё пачынае падавацца ўдалым.

Рака Сож у Гомелі з пляжамі прама ў самым цэнтры горада не Варадэйра і не Копакабана, вядома, але таксама неблагая альтэрнатыва для адпачынку. І што самае галоўнае: каб адчуць сябе курортнікам, зусім не трэба адкрываць візу, набываць гарачую пуцёўку ў турфірме, ляцець немаведама куды на самалёце альбо паміраць ад задухі ў вагоне цягніка. Дабраўся да цэнтра горада, перайшоў маляўнічы мост – і вось ты на курорце. Тысячы загарэлых і не вельмі целаў, валейбол, замкі з пяску, яхты і водныя скутары… Калі б яшчэ да гэтай карціны дадаць цётачак з торбамі ў руках, якія на розныя галасы крычаць „пахлава мядовая”, „кукуруза гарачая”, то можна было б лёгка ўявіць, што знаходзішся не на поўдні Беларусі, а ў якім-небудзь Крыме. Аналогіі з папулярным курортам былі б няпоўнымі без туалетнай праблемы. Як і ў Крыме, у Гомелі з гэтым цудам цывілізацыі таксама кепскія справы.

Сёлета на Цэнтральным пляжы ў Гомелі асабліва шматлюдна. У рускі Крым чамусьці не паехалі нават тыя, хто вітае палітыку Уладзіміра Пуціна. Зрэшты, прыхільнікі Украіны з ідэйных перакананняў забыліся на крымскі напрамак таксама. Затое і першыя, і другія пакуль што даволі мірна ўжываюцца на гомельскім крымазамяняльніку.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ