Крызіс легітымнасці ўладаў 



У апошнія дні многа ламаецца дзідаў вакол пытання пра электаральныя рэйтынгі прэтэндэнтаў. Апаненты ўлады спасылаюцца на кіламетровыя чэргі і вынікі інтэрнэт-апытанняў з ганебнымі лічбамі для кіраўніка дзяржавы. Ва ўмовах адсутнасці незалежнай сацыялогіі – гэта хоць нешта, на што можна абаперціся. Улада ў адказ “уключае рэжым адмаўлення”, гаворачы, што ніякіх чэргаў ля стэндаў альтэрнатыўных прэтэндэнтаў няма. Дакладней, чэргі ёсць, але фальшывыя, бо насамрэч па ўсёй Беларусі не набярэцца і тысячы праціўнікаў улады. І вось гэтая тысяча адшчапенцаў, хоць яны і адшчапенцы, але вельмі мабільныя пры гэтым і заможныя. Іначай ніяк нельга патлумачыць той факт, што тыя самыя людзі аператыўна выстройваюцца ў шыхты і чэргі і ездзяць па ўсіх рэгіёнах дастаткова вялікай па сусветных мерках краіны. А ў дзень арышта Віктара Бабарыкі дык яны яшчэ на сотні нятанных аўтамабіляў накручвалі кругі вакол квартала, дзе знаходзіцца галоўны офіс эфектыўных менеджараў дзяржбяспекі ў Менску. І тыя ж самыя няўдзячныя маргіналы, відаць, накручваюць сотні тысяч праглядаў відэа з апазіцыйных акцый і падпісваюцца ў анлайн-зваротах за вызваленне прэтэндэнтаў у прэзідэнты. Гэтая прываблівая тэорыя прызваная супакоіць кіраўніцтва дзяржавы, якое, безумоўна, здагадваецца пра тое, што ўпершыню за доўгія гады яны сутыкнуліся з сапраўдным крызісам легітымнасці. Таму з кожнага праса і на кожнай нарадзе гучаць словы, адрасаваныя вярхушкай самой сабе.

Зрэшты, ёсць і новыя павевы ў камунікацыі з народам. Так, баранавіцкія апазіцыйныя актывісты, якія актыўна працуюць у ініцыятыўных групах альтэрнатыўных кандыдатаў, заяўляюць, што іх запрасілі нечакана на сустрэчу са старшынькай Савету Рэспублікі Наталляй Качанавай. Гэтая высокапастаўленая чыноўніца выконвае часта ролю перамоўніцы ў вельмі складаных для ўлады сітуацыях, калі трэба звычайна панізіць градус напружання і заручыцца падтрымкай абураных груп насельніцтва. Нейкі час таму, напрыклад, Наталля Качанава ўлагоджвала канфлікт дзяржавы з цыганскай абшчынай, калі прадстаўнікоў народу рома беспадстаўна абвінавацілі ў забойстве міліцыянта. Усе, хто сутыкаўся калі-небудзь з Наталляй Качанавай, ведаюць, што яна сапраўды ўмее пераконваць апанентаў. Навошта ўлады пайшлі на размову з апазіцыйнымі актывістамі?

З апублікаваных частак яе выказванняў вынікае, што асноўная функцыя – усё тая ж, што і ў дзяржпрапаганды: пераканаць людзей, якія выступаюць за перамены, што іх меншасць. Апроч гэтага, улады спрабуюць выкарыстоўваць метады бізуна і перніка. З аднаго боку, нібыта прызнаюць наяўнасць апазіцыі, з якой можна раз на пяцігодку пагаварыць. З іншага – завуалявана пагражаюць, каб не думалі ладзіць беспарадкаў. Усе гэтыя целарухі ўлады ў сферы прапаганды гавораць пра вялікія сумневы, з якімі сутыкнулася кіраўніцтва краіны. Відавочна, яны не чакалі такой палітычнай мабілізацыі “спячага адвеку грамадства”, якое прызвычаілася маўкліва прызнаваць любыя вынікі галасаванняў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ