Куды павядзе Казахстан Такаеў пасля паразы рэвалюцыі?
Улады Казахстану дэкларуюць, што сітуацыя ў краіне знаходзіцца пад кантролем. Кіраўнік дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў заяўляе, што вострая фаза супрацьстаяння пройдзеная, адпаведна, неўзабаве пачнецца вывад падраздзяленняў АДКБ з тэрыторыі дзяржавы. Цэнзура і блакаванне Інтэрнэту не даюць дагэтуль аніякай магчымасці дазнацца пра сапраўдны маштаб трагедыі ў Казахстане пасля задушэння студзеньскай рэвалюцыі. Калі сыходзіць з афіцыйных лічбаў, то каля 10 тысяч чалавек затрыманыя за ўдзел у пратэстах. Колькасць загінулых – дагэтуль таямніца за сямю пячаткамі, хоць, улічваючы характар “зачысткі” на вуліцах Алма-Аты і іншых гарадоў краіны, можна меркаваць, што сапраўдныя звесткі пра ахвяры сярод цывільных грамадзянаў яшчэ шакуюць увесь свет.
На фоне афіцыйных заяваў пра стабілізацыю сітуацыі ў Казахстане ўзняліся дыскусіі, у які бок павядзе краіну прэзідэнт Такаеў. Відавочна, менавіта ён стаў асноўным выгадаатрымальнікам пасля няўдалай рэвалюцыі. Знаходзячыся літаральна ў некалькіх кроках ад падзення, ён здолеў пераламіць сітуацыю, запрасіўшы ў Казахстан вайсковы кантынгент з краін-сябраў АДКБ. Гэты нечаканы ход прыпыніў працэс распаду сілавой вертыкалі, якая, мабілізаваўшы рэсурсы, правяла жорсткую зачыстку пратэстоўцаў. Утрымаўшыся ва ўладзе, Такаеў прадказальна памяняў рыторыку і пачаў інтэнсіўна ўмацоўваць свае пазіцыі. Людзі на вуліцах казахстанскіх гарадоў з пратэстоўцаў пераўтварыліся ў “групы тэрарыстаў і экстрэмістаў”, а шэраг уплывовых чыноўнікаў і сілавікоў, якіх можна было западозрыць у нелаяльнасці альбо ў нерашучасці, пакінулі пасады.
Тое, што Такаеў будзе і надалей абмяжоўваць грамадзянаў сваёй краіны ў правах і свабодах, абумоўленае найперш крызісам ягонай легітымнасці. Ад самага пачатку, калі ён фактычна быў прызначаны на пасаду Нурсултанам Назарбаевым у выніку аперацыі “пераемнік”, было наіўна меркаваць, што гэты залежны чыноўнік раптам распачне рэфармаванне тыповай цэнтральнаазіяцкай дэспатыі ў бок дэмакратыі. Больш за тое, ягоны заклік да АДКБ у хвіліну небяспекі паказвае, што для гэтага чалавека з’яўляецца каштоўнасцю не столькі сама дзяржаўнасць Казахстану, колькі асабістыя гарантыі і ўлада. Касым-Жамарт Такаеў, хоць і меў магчымасць, але не скарыстаўся сваімі паўнамоцтвамі для перафарматавання сістэмы, якая, відавочна, абрыдла жыхарам ягонай краіны. У дадзены момант няма і гаворкі пра правядзенне свабодных выбараў, якія б дазволілі змяніць сістэму і зняць напружанне паміж уладай і грамадствам. Замест гэтага казахстанскі правадыр абраў знаёмую жыхарам большасці постсавецкіх дзяржаваў тактыку змагання з іншадумствам і згортвання дэмакратыі. Такім чынам, рэакцыя ў Казахстане набірае моц, што не дае падставаў для аптымістычных прагнозаў адносна дэмакратызацыі гэтай краіны.