Магіла імперый



“Расея раней была Савецкім Саюзам. Афганістан зрабіў з яго Расею, таму што яны сталі банкрутамі, ваюючы ў Афганістане. Расея была ў Афганістане, таму што тэрарысты рухаліся ў Расею. У расейцаў было права там быць”, – заявіў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, абмяркоўваючы ўдзел амерыканскіх вайскоўцаў у змаганні з групоўкай “Ісламская дзяржава”. Калі першая частка выказвання адпавядае рэчаіснасці (СССР насамрэч сканаў у вялікай ступені з-за таго, што кожны год выдаткі на вядзенне вайны былі непад’ёмнымі, складалі да 9 мільярдаў долараў), то ягоныя фантазіі пра “тэрарыстаў” не маюць пад сабой істотнай фактуры. Зрэшты, клопаты бізнесоўца Трампа пра дзяржаўныя выдаткі ЗША абсалютна зразумелыя. Ён імкнецца выканаць свае перадвыбарчыя абяцанні, частка якіх датычыцца вываду амерыканскіх войскаў з шэрагу рэгіёнаў планеты. Калі з Сірыі Пентагон пачаў выводзіць жаўнераў ужо ў студзені 2019 года, то наконт Афганістана пакуль што ніякіх афіцыйных звестак няма. Выданне Wall Street Journal са спасылкай на свае крыніцы анансуе вывад паловы амерыканскага кантынгенту з Афганістана ў бліжэйшыя пару тыдняў. З гэтай пазіцыяй не пагадзілася частка ваеннага кіраўніцтва ЗША. Міністр абароны Джэймс Мэціс у знак нязгоды нават падаў у адстаўку напярэдадні калядных святаў.

Навіны амерыканскай ваеннай кампаніі ў Афганістане нагадалі пра вельмі важную дату, звязаную з нашай нядаўняй гісторыяй. 15 лютага 2019 года споўніцца 30 гадоў з моманту вываду апошняй калоны савецкіх войскаў з Афганістана. Паводле афіцыйнай інфармацыі, апошнім вайскоўцам, які пакінуў афганскую зямлю стаў камандуючы савецкай вайсковай групоўкай генерал Барыс Громаў. Насамрэч жа яшчэ амаль год у Афганістане працягвалі весці службу памежнікі, у палоне душманаў знаходзілася многа савецкіх салдатаў. Па завяршэнні вайсковай місіі ў Афганістане савецкае кіраўніцтва сарамліва казала пра паспяхова выкананы інтэрнацыянальны абавязак, хаця ў рэальнасці імклівы сыход выглядаў ледзьве не панічнымі ўцёкамі.

Увядзенне на тэрыторыю суверэннай дзяржавы абмежаванага кантынгенту савецкіх войскаў кіраўніцтва СССР тлумачыла дапамогай “братняму народу Афганістана”. Насамрэч дапамога братняму народу выявілася ў звяржэнні аўтарытарнага рэжыма Махамеда Дауда, які раней арганізаваў змову супраць свайго сваяка Захір-Шаха. У красавіку 1978 года не без удзелу савецкіх спецслужбаў у Афганістане здарылася рэвалюцыя, а да ўлады прыйшлі прасавецкія таварышы з Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана. І вось менавіта ўладу гэтых ідэалагічна блізкіх да савецкіх камуністаў людзей і абаранялі воіны-інтэрнацыяналісты цягам 10 гадоў. Што праўда, з кожным годам савецкай прысутнасці колькасць апанентаў СССР у Афганістане расла, а ўзброеныя фармаванні апазіцыі кантралявалі каля 70% тэрыторыі рэспублікі. Пасля вывада савецкіх войск рэжым НДПА праіснаваў усяго тры гады, а краіна на доўгі час трапіла пад кантроль ісламістаў.

У масавай свядомасці жыхароў былых савецкіх рэспублік вайна ў Афгане асацыюецца з распадам камуністычнай імперыі, цынкавымі трунамі і хлопцамі з посттраўматычным сіндромам. За 10 гадоў ваеннай аванцюры праз крывавыя жорны прайшло ля 620 тысяч вайскоўцаў, спецслужбістаў і міліцыянтаў. Страты жывой сілы склалі больш за 15 тысяч чалавек. Але мала хто з савецкіх грамадзян ведае пра тое, што ваенная аперацыя ў Афганістане мае ўсе прыкметы генацыда афганскага народу. За час вайны загінула ад 1 да 2 мільёнаў афганцаў. Гэтая лічба толькі ў малой ступені дае ўяўленне пра характар Афганскай вайны, калі савецкія вайскоўцы, па сутнасці, удзельнічалі у ваенных злачынствах. Але сама гісторыя расставіла ўсё на свае месцы. Галоўным вынікам Афганскай вайны стала знікненне з палітычнай мапы свету СССР – краіны, якая развязала адзін з самых крывавых канфліктаў на планеце ў другой палове ХХ стагоддзя.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ