“Магільшчыкі” беларускай незалежнасці



Для расейскіх рэваншыстаў незалежная дзяржава Беларусь – гэта памылка гісторыі, якую яны прагнуць выправіць любым чынам. Але ў сітуацыі нагнятання істэрыі вакол беларускай незалежнасці ёсць і новыя тэндэнцыі. Эстафету панікі падхапілі ўкраінскія топавыя СМІ і публіцысты. Калі прааналізаваць кантэнт шматлікіх украінскіх выданняў, то адной з найбольш гарачых тэмаў апошніх тыдняў з’яўляецца імавернасць аншлюсу Беларусі. У экспертных меркаваннях няма вялікіх разыходжанняў. Усе дружна пагаджаюцца, што беларускай незалежнасці прыйшоў гамон. Пытанне толькі ў тым, наколькі ціха пройдзе далучэнне.

Некалькі тыдняў спрабаваў усяляк дыстанцавацца ад дыскусій на гэтую тэму са многімі ўкраінцамі, якія тэгалі мяне ў фэйсбуку кожны раз, калі нехта з публіцыстаў прамаўляў гучную фразу пра Беларусь у стылі “цяпер дакладна ўсё”. Але ўрэшце не стрымаўся. Паспрабуем разабрацца ў пытанні па пунктах.

Ці нагадвае сучасная Беларусь Аўстрыю ўзору 1938 года?

Калі праводзіць гістарычныя паралелі, то цяперашняя Беларусь — гэта яўна не Аўстрыя ўзору 1938 года, калі большасць дарослага насельніцтва падтрымлівала ідэю ўз’яднання ў “адну нямецкую сям’ю”. Пазіцыя кіраўніка беларускай дзяржавы нагадвае хутчэй манеўраванне іспанскага каўдыльё Франсіска Франка, які ўсяляк супраціўляўся ўцягванню Іспаніі ў ІІ Сусветную вайну, не дазволіў нямецкаму войску прайсці маршам праз Іспанію, што дапамагло саюзнікам утрымаць кантроль над Гібралтарам. У многім пазіцыя генералісімуса Франка адносна нейтралітэта прадвырашыла ход вайны. Саюзнікі перамаглі, а Франка дасядзеў на пасадзе кіраўніка Іспаніі да 1973 года.

Сярод беларусаў няма яўнага сацыяльнага запыту на ўзнаўленне еднасці з былой метраполіяй. Беларусы могуць па-рознаму ставіцца да расейска-украінскага канфлікта, але збольшага не прагнуць усталявання чужой улады у самой Беларусі. У 1988 годзе менавіта ў „самай савецкай” рэспубліцы, якой нібыта з’яўлялася БССР, на Дзяды адбылася масавая акцыя, якая фактычна стала канцом чырвонай імперыі. Пазней, у 1990-я гады, беларусы сарвалі планы на далучэнне да Расеі шматлікімі акцыямі пратэсту, у якіх удзельнічалі дзясяткі тысяч чалавек. Такім чынам, пратэстны патэнцыял у Беларусі дастаткова высокі, каб спрабаваць рэалізаваць сцэнар далучэння краіны гвалтоўным чынам.

Ці ёсць шанс пазбегнуць аншлюсу?

У Беларусі няма арганізаванай прарасейскай сілы (яе існаванне проста немагчыма ва ўмовах персаналісцкага аўтарытарызму). Самі расейцы — этнічная меншасць, якая даволі лаяльна ставіцца да беларускай дзяржаўнасці. Што да беларусаў, то дадзеныя сацыялогіі сведчаць, што, прынамсі, паўтарэння Крымскага альбо Данбаскага сцэнару чакаць не варта. Паводле сацыялагічных даследаванняў, каля 70% беларускіх рэспандэнтаў падтрымліваюць незалежнасць. А каля 26% гатовыя ваяваць са зброяй у руках супраць любога агрэсара. Гэта ў працэнтных суадносінах куды больш, чым ва Украіне напярэдадні вайны 2014 года. Рэваншысты памыляюцца, калі ўсіх рускамоўных беларусаў аўтаматычна залічваюць да сваіх прыхільнікаў. Сярод рускамоўных суайчыннікаў вельмі шмат патрыётаў Беларусі, якія наўрад ці будуць спакойна назіраць за інкарпарацыяй краіны.

Што рабіць беларусам, для якіх незалежнасць – гэта каштоўнасць?

На гэты момант кожны неабыякавы грамадзянін можа спакойна рабіць усё магчымае дзеля ўмацавання беларускай дзяржаўнасці: інфармаваць грамадства праз сацыяльныя сеткі пра перавагі незалежнасці, умацоўваць гарызантальныя сувязі паміж грамадскімі арганізацыямі і праводзіць беларусізацыю ва ўсіх сферах (размаўляць па-беларуску і дабівацца рэалізацыі канстытуцыйных правоў на выкарыстанне роднай мовы).

Беларускае Радыё РАЦЫЯ