Маленькія хітрасці постсавецкай дыктатуры



Цяжка быць дыктатарам у постсавецкай краіне. Пасля сыходу з пасады нават не ўявіш сябе звычайным пакупніком малака ў маленькай краме спальнага раёна. У электрычцы з саджанцамі дрэваў не праедзеш. У звычайнай цырульні цябе не падстрыгуць. Карацей, не жыццё, а суцэльныя пакуты.

З былых саюзных рэспублік мала якія могуць пахваліцца групавымі фотаздымкамі прэзідэнтаў. Прыбалтам больш-менш пашанцавала. Хаця ў тых жа літоўцаў быў свой лётчык-верталётчык Раландас Паксас, якога выбралі на пасаду за грошы расейскай мафіі. Праўда, потым у выніку імпічменту чалавек з прыгожым тварам, але сумнеўнай біяграфіяй імгненна зляцеў з пасады. Ва Украіне да Януковіча таксама ўсё было збольшага спакойна. Каб той аматар страусаў і шыкоўнага жыцця спакойна сышоў у адстаўку, не ведала б Украіна такога гора. Але факт застаецца фактам: ва Украіне ўжо 5-ы па ліку прэзідэнт. А вось у астатніх рэспубліках былога Савецкага Саюза колькасць прэзідэнтаў куды меншая. У Расеі, напрыклад, кола гісторыі замкнулася на нацыянальных лідарах Мядзведзеве і Пуціне. Спачатку яны мяняліся месцамі, а потым увогуле перасталі гуляць у гэтую ракіроўку. Азербайджанам вось ужо некалькі дзесяцігоддзяў кіруюць Аліевы. Спачатку бацька, потым сын. І так, хочацца верыць, не да бясконцасці. Беларусі з яе адзіным і незамяняльным лідарам яшчэ да гэтай мадэлі далёка.

Але самымі крэатыўнымі аўтарытарнымі кіраўнікамі постсавецкага лагеру можна лічыць армянскіх таварышаў. Клан пераможцаў у армяна-азербайджанскім канфлікце, які адбыўся ў Нагорным Карабаху, кіруе Арменіяй з канца 1980-х гадоў. Сваю перамогу таварышы перавялі ў палітычны капітал, а потым надоўга пусцілі карані. Спачатку інтарэсы групы прадстаўляў Роберт Качаран. Потым яго змяніў чалавек з іншым тварам, але з тымі жа поглядамі Серж Саргсян. Аднак улада заставалася нязменнай. І вось Серж Саргсян вырашыў, значыцца, быць арыгінальным. Узяў і прапанаваў скасаваць прэзідэнцкі інстытут. Але армяне не выйшлі на вуліцы танчыць ад радасці, бо зразумелі, што ў выніку рэферэндуму нелюбімы імі Серж Саргсян (альбо які-небудзь яго двайнік з карабахскай абоймы) стане вечным прэм’ерам з неабмежаванымі паўнамоцтвамі. Для народа якая розніца: будзе ён нязменным прэзідэнтам ці нязменным прэм’ерам з прэзідэнцкімі паўнамоцтвамі? Вось і вырашылі сарваць гэтае свята дэмакратыі грамадзяне Арменіі. Часам нават самыя хітрыя дыктатары самі сябе перахітруюць.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ