Маразы ў ЗША і глабальнае пацяпленне



Супрацоўнікі Балотнага парку ў амерыканскім штаце Паўночная Караліна выклалі ў Інтэрнэт відэа з алігатарамі, якія ўмерзлі ў лёд. Паводле біёлагаў, жывёлы такім чынам актывуюць прыродны механізм выжывання, які дазваляе ім ператрываць нізкія тэмпературы. З набліжэннем маразоў гіганцкія рэптыліі адчуваюць момант, калі вада пачынае пераўтвараецца ў лёд, яны высоўваюць ноздры на паверхню, а самі ўпадаюць у спячку. Падзенне тэмпературы цела ў некалькі разоў і запавольванне працэсаў метабалізма ў навуцы называецца брумацыяй. Так рэагуюць алігатары на анамальна нізкую тэмпературу, якая прыйшла ў апошнія дні ў ЗША.

Метэаролагі паведамляюць, што ў некаторых рэгіёнах тэмпература паветра ў першыя дні лютага апусцілася да рэкордных -53 градусы па Цэльсію. Тэмпература ў адным з буйнейшых гарадоў Сярэдняга Захаду Чыкага апусцілася таксама да -33 градусаў, прычым праз моцны вецер адчуваюцца ўсе -46. Нават 10 хвілін знаходжання на вуліцы пры такой тэмпературы дастаткова, каб атрымаць абмаражэнні. Наступленне нечаканых маразоў навукоўцы тлумачаць праявай палярнага віхру, што з’яўляецца рэдкай з’явай для гэтай кліматычнай зоны. Сутнасць гэтай анамаліі – у тым, што рэзкае пацяпленне на Паўночным полюсе, выкліканае цёплым фронтам з Марока, змясціла халодныя масы паветра ў напрамку Поўдня. Праз гэта былі адмененыя сотні ўнутраных авіярэйсаў, часова закрытыя школы і некаторыя прадпрыемствы.

Пакуль алігатары выратоўваюцца ад халадоў праз брумацыю, палітыкі працягваюць спаборніцтва за галасы выбарцаў, спрабуючы раздзьмуць рэйтынгі нават на тэме глабальнага пацяплення. Альбо, як у выпадку прэзідэнта ЗША Дональда Трампа, на адмаўленні такой з’явы як глабальнае пацяпленне. У сваім твітары кіраўнік ЗША не абмінуў тэму анамальных маразоў, пракаментаваўшы сітуацыю так: “Што здарылася з глабальным пацяпленнем? Хутчэй вяртайся, ты нам так неабходнае”. Буфанада ў выкананні кіраўніка адзінай у свеце звышдзяржавы адносна пытання кліматычных змяненняў на планеце – не такая ўжо бяскрыўдная рэч. Тым больш, адной толькі буфанадай у выпадку спадара Трампа сітуацыя не вычэрпваецца. Пасля ягонага прыходу да ўлады ЗША паслядоўна бярэ курс на дэнансацыю прыродаахоўных пагадненняў, якія абмяжоўваюць выкіды ў атмасферу планеты шкодных рэчываў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра тое, што ЗША плануюць выйсці з Парыжскай дамовы 2015 года, падпісанай прадстаўнікамі 200 дзяржаваў планеты для барацьбы за захаванне клімата. Амерыканскі бок тлумачыць свае намеры тым, што аўтары падобных пагадненняў сыходзяць з найбольш негатыўных сцэнароў, перабольшваюць уплыў антрапагеннага фактара на працэс глабальнага пацяплення.

Прэзідэнт Трамп, крытыкуючы міжнародныя меры аховы планетарнага клімата, выступае нібыта з праамерыканскіх інтарэсаў. Ягоныя прыхільнікі прыводзяць аргументы адносна таго, што ЗША, скараціўшы выкіды вуглекіслага газу амаль на 14 % з сярэдзіны 2000-х гадоў, ніяк пазітыўным чынам не выправілі сітуацыю з чысцінёй паветра, якасць якога няўмольна пагаршаецца з кожным годам. І гэта пры тым, што ЗША з’яўляецца другой у свеце краінай (пасля Кітаю) па эмісіі парніковых газаў у атмасферу. Адміністрацыя Трампа выступае супраць абмежаванняў на здабычу вуглевадароднай сыравіны, апякуючыся найперш нацыянальнымі эканамічнымі інтарэсамі.

Нацыянальны эгаізм звышдзяржавы ў ХХІ стагоддзі – надта лёгкаважная пазіцыя, якая можа дорага каштаваць усёй планеце, у тым ліку ЗША. Ад прыродных катаклізмаў не абаронішся мексіканскай сцяной альбо жартаўлівымі допісамі ў твітары. У адрозненне ад мудрых амерыканскіх алігатараў, чалавецтва не здольнае да брумацыі.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ