Маргіналізацыя ці праца на мяжы магчымасцяў?



Сёлетняе адзначэнне Дня Волі праходзіць па прагназаваным сцэнары. Улады не далі дазволу на прадастаўленне годнага месца ў сталіцы, накіраваўшы заяўнікаў мерапрыемства на пляцоўку для выгула сабак Бангалор. Зразумела, такі адказ па азначэнні не мог задаволіць арганізатараў свята “БНР-101”, якія пачалі збор сродкаў на правядзенне канцэрту з удзелам рок-зорак. Таму арганізатары знайшлі для сябе выйсце, якое, аднак, задаволіла далёка не ўсіх. Сябры аргкамітэту па адзначэнні “БНР-101” выбралі ў якасці асноўнай пляцоўкі для арганізацыі свята гарадзенскі Каложскі парк, дзе пройдзе дазволенае ўладамі свята. Кіраўнік “Арт-сядзібы” Павел Белавус, які з’яўляецца адным з лакаматываў адзначэння “БНР-101”, лічыць, што Каложскі парк – годная альтэрнатыва іншым варыянтам, паколькі, па-першае, месца гістарычнае, па-другое, Гародня – другая сталіца БНР. Частка дэмакратычнай грамадскасці палічыла такую пазіцыю непрымальнай.

Экс-кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч называе рашэнне аб правядзенні мерапрыемства ў Гародні рэнегацкім, падкрэслівае, што маргіналізацыя палітычнага складніка Дня Волі здарылася ў выніку няўзгодненых дзеянняў аргкамітэта ў 2018 годзе, калі прыхільнікі “канцэпцыі святкавання” пайшлі на сепаратныя дамовы з уладамі. У выніку, паводле Міколы Статкевіча, атрымалася правесці свята ля Опернага тэатра, але палітычных актывістаў, якія спрабавалі зладзіць шэсце ля плошчы Якуба Коласа, разагнаў АМАП.

Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі крытыкуе арганізатараў “БНР-101” за тое, што яны фактычна пагадзіліся на гарадзенскі Бангалор, а таксама прынялі адзінаасобнае рашэнне аб пераносе свята ў абласны цэнтр, не параіўшыся з ахвярадаўцамі.

Палітык Віктар Карняенка лічыць, што высілкі сталічных арганізатараў варта найперш накіроўваць на арганізацыю свята ў Менску, то бок не займацца турызмам.

Падсумоўваючы вышэйсказанае, да арганізатараў свята “БНР-101” у Гародні ў палітыкаў ёсць дзве асноўныя прэтэнзіі: дэпалітызацыя і маргіналізацыя. Дзіўнавата, зрэшты, чуць падобныя закіды ад людзей, якія спрабуюць займацца палітыкай у таксічным беларускім асяроддзі. Калі няма магчымасці агітаваць за свае ідэі адкрыта, то трэба рабіць хоць штосьці, сыходзячы з наяўных магчымасцей. Увогуле асветніцка-культурная праца ў посткаланіяльных і аўтарытарных дзяржавах – гэта класіка. І дзіўна, што такія дасведчаныя палітыкі, як Віталь Рымашэўскі альбо Мікалай Статкевіч, не разумеюць таго, што мабілізацыя масаў немагчымая ва ўмовах адсутнасці адзінай ідэалагічнай і каштоўнаснай платформы. І менавіта такія падзеі, як “БНР-100”, якраз спрыяюць пашырэнню беларускіх сімвалаў і гуртаванню прыхільнікаў вакол нацыянальных каштоўнасцей. Паказальна, што ў аналітычных аглядах прарасейскіх “фабрык думкі” найбольш крытыкуецца якраз фармат “БНР-100”, што з’яўляецца пацверджаннем эфектыўнасці падобнай працы. А што да маргіналізацыі падзеі, выкліканай нібыта пераносам з Менску ў абласны горад, то тут варта заўважыць, што беларускія рэгіёны таксама маюць патрэбу ў яркіх падзеях і топавых выканаўцах. Хоць звычайна менавіта ў сталіцах вырашаецца лёс палітычных супрацьстаянняў, але без актыўнасці ў рэгіёнах ніколі не бывае паўнавартаснай перамогі. Ці наадварот рэгіёны становяцца ачагом рэакцыі, якая вядзе да расколу грамадства і пераходу канфлікта ў больш вострую фазу.

На маю думку, у цяперашняй беларускай сітуацыі выбар Гародні ў якасці асноўнага месца правядзення свята “БНР-101” можа крытыкавацца толькі ў адным кантэксце: найбольшую патрэбу ў прапагандзе беларушчыны маюць усходнія абласныя цэнтры. Менавіта там варта засведчыць беларускую прысутнасць, каб ні ў кога не паўставала спакусы ставіць пытанні пра нацыянальную і тэрытарыяльную прыналежнасць беларускіх гарадоў.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ