Маўчанне рыбаў у краіне людзей
У пачатку ХХ стагоддзя для беларусаў быў актуальны лозунг „Людзьмі звацца”. Аднак з пазіцыі сённяшняга дня гэты заклік класіка выглядае надта архаічным.
Людзьмі мы, здаецца, усё-такі сталі. Хоць якую, але дзяржаву збудавалі. Не самую паспяховую, але, гледзячы на некаторых суседзяў, далёка не найгоршую. Некаторыя нам нават зайздросцяць. Таксама мы атрымалі ўсеагульнае выбарчае права, хоць да канца не ведаем, як ім карыстацца. Прынамсі, частка насельніцтва, якая ходзіць на выбары, каб набыць танных піражкоў з павідлам і „Доктарскую” каўбасу, дакладна не ведае. Ці забылася, навошта насамрэч трэба хадзіць на ўчасткі для галасавання. Відаць, каб усё-такі набываць танную каўбасу. Як жа без яе?! Адукацыя і ахова здароўя ў нашай дзяржаве таксама ёсць. Месцамі бясплатная, месцамі якасная. Карацей, усё, як у людзей. Чаму б імі, людзьмі то бок, не звацца?
Людзьмі, зрэшты, быць не так і кепска. Сумленна працаваць за сярэдні заробак, не вытыркацца, крытыкаваць начальства толькі на кухні, глядзець тэлевізар і асуджаць інтрыгі жыдамасонаў… Калі жыць паводле гэтых няхітрых правілаў, то можна нават і кар’еру сякую-такую зрабіць. Да людзей у нашай дзяржавы стаўленне збольшага добрае. Да ўсялякіх „шалудзівых” — кепскае, а да людзей вельмі нават прыязнае. Калі ты эталонны чалавек, то часам табе будуць дараваць усялякія дробныя правіны. Скажам, выкарыстоўваць службовае аўто для прыватных мэтаў. Ці, напрыклад, атрымліваць чыста сімвалічную ўзнагароду ў выглядзе якой-небудзь бутэлькі алкаголю за патрэбны подпіс на патрэбнай паперцы. Альбо, як гэта было каля Баранавічаў, па-бальшавіцку прысабечыць і перадушыць усю рыбу на вадасховішчы Мышанка. Перад рамонтам грэблі з вадасховішча спусцілі ваду, а мясцовым людзям дазволілі ўзяць па 10 кілаграмаў рыбы на рукі. Бясплатна. У прадчуванні „халявы” на вадасховішча наляцелі сотні ўдзячных рыбакоў, якія з дапамогай багроў, „павукоў” і сачкоў не цураліся нават дробнай рыбкі. Ніхто, вядома, не лічыў, колькі кілаграмаў дасталася кожнаму з аматараў рыбнай лоўлі ў калюжынах, але сведкі кажуць, што многія жыхары Баранавічаў да вясны рыбай забяспечаныя.
Рыбы — не людзі. Ім сысці ўніз па цячэнні не дазволілі.