Міхаіл Бабіч запэўнівае



Цяперашні пасол РФ у Беларусі Міхаіл Бабіч – штодня ў цэнтры ўвагі прэсы. У адрозненне ад свайго папярэдніка, “крэпкага гаспадарніка” Аляксандра Сурыкава, які збольшага засяроджваўся на тэхнічных пытаннях ўзаемадзеяння Беларусі і Расеі і агучваў даволі стрыманыя каментары, новы расейскі амбасадар адчувае сябе ў сваім крэсле куды больш вольна. Гэта заўважна і па ягонай манеры камунікацый з беларускімі чыноўнікамі, і па сустрэчах з журналістамі, і нават па кантактах з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці Беларусі. Калі ён і далей будзе працаваць у такім жа тэмпе, то хутка ў галоўнага ньюсмейкера Беларусі з’явіцца канкурэнт, які можа дазволіць сабе выказвацца без аглядак на палітычнае кіраўніцтва Беларусі.

Дарэчы, менавіта пасля адстаўкі Аляксандра Сурыкава стала зразумела, чаму ён, у адрозненне ад папярэдніх расейскіх паслоў, прабыў на сваёй пасадзе больш за 5 гадоў. За перыяд сваёй працы ён зразумеў чаканні афіцыйнага Менска ад сваёй дзейнасці. І трэба сказаць, што для таго этапу “млявай” інтэграцыі менавіта дзелавы падыход без ідэалагічнай афарбоўкі і тарпедавання саюзніцтва найбольш задавальняў улады Беларусі. Чаго нельга было сказаць пра расейскіх працадаўцаў Сурыкава і неаімперцаў, якія крытыкавалі былога амбасадара за безыніцытыўнасць і ў некаторых выпадках за патуранне “русафобскім настроям у Беларусі”. Сапраўдная пазіцыя Аляксандра Сурыкава выявілася пасля ягонай адстаўкі, калі ён у інтэрв’ю аднаму рэгіянальнаму расейскаму выданню раскрытыкаваў пазіцыю Крамля па некаторых напрамках знешняй палітыкі. У прыватнасці, ён выказаўся супраць нагнятання напружання па перыметры межаў РФ і супрацьстаяння з Захадам. Зразумела, такая пазіцыя не адпавядае новай палітычнай рэальнасці, калі расейскія стратэгі на поўным сур’ёзе ўзяліся за рэанімацыю паўзабытага праекта “Саюзнай дзяржавы”. Менавіта для гэтай мэты і спатрэбіўся “энергічны” Міхаіл Бабіч, які мае дадатковы статус спецпрадстаўніка прэзідэнта Расеі па развіццю гандлёва-эканамічнай супрацы з нашай краінай. То бок, па большасці пачуццёвых пытанняў беларуска-расейскіх дачыненняў, якія турбуюць беларускае кіраўніцтва, Міхаіл Бабіч можа даць адказ на месцы, не звяртаючыся да Уладзіміра Пуціна. Такі падыход, відавочна, мае на мэце не столькі падвышэнне эфектыўнасці міждзяржаўнай супрацы, колькі аўтаматычна паніжае статус уладаў Беларусі, якія па ступені дасягу да ўладных кабінетаў Крамля ледзьве не апускаюцца да ўзроўню кіраўнікоў суб’ектаў РФ.

Міхаіл Бабіч у сваёй працы не абмяжоўваецца выключна эканамічным блокам пытанняў. Пра гэта сведчыць, напрыклад, нядаўняя ягоная сустрэча з прадстаўнікамі руху “Гавары Праўду” Андрэем Дзмітрыевым і Таццянай Караткевіч. У межах гэтай сустрэчы абмяркоўваліся пытанні дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі, перспектыў інтэграцыі і нават сітуацыя з беларускай мовай. З апошняга, на што варта звярнуць увагу ў дзейнасці амбасадара РФ, – выказванні Міхаіла Бабіча пра тое, што пры патрэбе расейскія саюзнікі гатовыя абараніць “беларускі суверэнітэт у выпадку адпаведных пагроз з боку Захаду, аналагічных “каляровых” рэвалюцый і дзяржпераваротаў”. То бок, на фоне будучых прэзідэнцкіх выбараў Крэмль адназначна дэманструе, што гатовы ўмяшацца ў сітуацыю ў Беларусі ў выпадку, калі паўстане пагроза прыхода да ўлады прадэмакратычнага і праеўрапейскага кандыдата.  

Беларускае Радыё РАЦЫЯ