Міністэрства прымусу
Аўтар найвядомейшай антыўтопіі ХХ стагоддзя рамана „1984” Джордж Оруэл парадваўся б, калі б дажыў да рэаліяў сучаснай РБ. Многія ідэі з ягонага твору, якія падаваліся фантастычнымі і нерэальнымі, усё больш знаходзяць адлюстраванне ў нашай краіне. Пакуль што да перайменаванняў міністэрстваў справа не дайшла, але па сутнасці яны даўно ўжо выконваюць функцыі карных ведамстваў прыдуманай аўтарам Акіяніі. Нібыта ў насмешку Міністэрства працы і сацыяльнай абароны дагэтуль носіць сваю назву, хоць, гледзячы па апошніх тэндэнцыях, яго варта перайменаваць проста ў Міністэрства працы. Альбо, калі больш дакладна, у Міністэрства прымусу. Скажам, той самы сканадальны Дэкрэт №3 „Аб дармаедах” актыўна распрацоўваўся людзьмі з Міністэрства прымусу. А пасля ягонага падпісання кіраўніком дзяржавы Мінпрымусу актыўна ўключылася ў адбельванне гэтага недарэчнага квазізакона.
На днях у каментары аднаму незалежнаму выданню выказалася начальнік юрыдычнага ўпраўлення Мінпрымусу Алена Маслоўская. Яе запыталі, чаму беспрацоўныя не могуць жыць на зберажэнні і не плаціць адыёзны „падатак на дармаедаў”. Адказ быў проста шыкоўны. Такое адчуванне, што тэкст спадарыні Маслоўскай пісаў сам Оруэл. Маўляў, „распаўсюджваць сплочаныя некалі падаткі на будучыню нельга”. Канец цытаты. То бок чалавек, які сумленна і законна працаваў, адкладаючы грошы на „чорны дзень”, аказваецца, таксама дармаед. І цяпер, каб дыхаць паветрам у самай шчаслівай і сацыяльнай дзяржаве, ён абавязаны плаціць аброк. Проста таму што гэты чалавек мае нахабнасць жыць. Чыноўнікі прамым тэкстам заяўляюць, што пазбегнуць падатка на дармаедства можна толькі тады, калі беспрацоўныя грамадзяне будуць знаходзіцца на тэрыторыі РБ менш за 183 дні на год. Як кажуць інтэрнаўты, вангую, што пасля рэалізацыі гэтага цудоўнейшага з усіх дэкрэтаў Беларусь стане найбуйнейшай у свеце краінай-экспарцёрам працоўнай сілы. А спадарыня Маслоўская будзе жыць, відаць, за кошт сваіх жа падаткаў.
А цяпер трошкі інфармацыі для роздуму чыноўнікаў з Мінпрымусу: па маштабе міграцыі ў РФ беларусы апярэджваюць нават кітайцаў. Федэральная міграцыйная служба Расеі падае звесткі, што колькасць працоўных мігрантаў-беларусаў ў 2014 годзе павялічылася ажно на 137 тысячаў чалавек. А ёсць жа яшчэ каля 200 краінаў на планеце, дзе таксама могуць знайсці сабе рэалізацыю кемлівыя беларусы. Гэта, праўда, не датычыць чыноўнікаў з Мінпрымусу. З іх кваліфікацыяй толькі дэкрэты распрацоўваць.