“Мінская праўда” прэтэндуе на лідарства сярод прапагандысцкіх СМІ



Дзяржаўнае выданне “Мінская праўда” прэтэндуе на лідарства сярод прапагандысцкіх СМІ Беларусі. Прынамсі, такое складваецца ўражанне, калі прааналізаваць зместы публікацый, некаторыя з якіх у сваёй нецярпімасці да палітычных апанентаў рэжыму пераўзыходзяць зацемкі адыёзных аўтараў “Беларусі Сёння” альбо трэшавыя праграмы аглядальнікаў “СТВ”.

Выглядае на тое, што рэдакцыя “Мінскай праўды” ўважліва выслухала пажаданні кіраўніцтва профільнага Міністэрства інфармацыі, якое на шматлікіх круглых сталах і нарадах наракала на недахоп вострых публікацый і карыкатур. Таму выданне ўзяло курс на тое, каб узначаліць прапагандысцкі фронт. Паколькі сваю працу журналісты дзяржаўных выданняў разглядаюць выключна ў катэгорыях інфармацыйнай вайны, то сябе ў сродках не абмяжоўваюць. Відаць, гэтым можна патлумачыць з’яўленне на старонках “Мінскай праўды” некаторых матэрыялаў, якія нават паводле цяперашняга заканадаўства цягнуць на сапраўдны экстрэмізм. Напрыклад, згадайма матэрыял з карыкатурай на ксяндзоў, у якім “мастак” прайшоўся па святарах, што падтрымліваюць пратэстоўцаў. Служыцеляў Рыма-каталіцкага касцёлу намалявалі ў зневажальнай манеры, пры гэтым паздзекваўшыся з крыжа як сімвала хрысціянства. Паказальна, што іерархі каталіцкага касцёла ў Беларусі імгненна выказаліся на сваіх старонках у сацыяльных сетках з асуджэннем публікацыі. Падобную пазіцыю занялі аўтарытэтныя праваслаўныя святары, якія ў дадзены момант знаходзяцца ў апале афіцыйнага кіраўніцтва БПЦ. Не засталіся ў баку і пратэстанты, якія выказалі падтрымку сваім “братам у Хрысце”.

Рэакцыя прадстаўнікоў хрысціянскае супольнасці і вялікай колькасці вернікаў розных канфесій была прадказальнай. Але нават непазбежнасць скандалу не спыніла рэдакцыю “Мінскай праўды”, якая пайшла на правакацыю, што мела на мэце ўнесці раздрай у беларускім хрысціянстве, настроіць частку каталіцкай верніцкай масы супраць апазіцыйных святароў. Але эфект, калі прааналізаваць вынікі, выйшаў адваротным.

Словы падтрымкі каталіцкім святарам, якія прагучалі з вуснаў аўтарытэтных служыцеляў царквы і пратэстанцкіх пастараў, паказалі, што ў Беларусі, акрамя афіцыйнага сервільнага кліру, сфармавалася вялікая праслойка вернікаў, якія не згодныя з рэпрэсіўнай лініяй дзяржавы. Больш за тое, напад на каталікоў падвысіў аўтарытэт Касцёлу ў Беларусі ў вачах беларускіх хрысціянаў розных канфесій. Пры гэтым, калі не будзе праведзеная работа па разборы інцыдэнту з прыцягненнем да адказнасці вінаватых, то антыкаталіцкая публікацыя ў “Мінскай праўдзе” спрычыніцца да чарговага акту самадыскрэдытацыі ўлады.

Пра тое, што цэнтральная ўлада занепакоеная вынікам правакацыі і імкнецца мінімізаваць канфлікт сведчаць высілкі Міністэрства замежных справаў Беларусі, якое кінулася навыперадкі тушыць “падпал”. Міністр Уладзімір Макей аператыўна сустрэўся з паслом Ватыкана Антэ Ёзічам, дзе запэўніў дыпламата ў сутане, што Беларусь выканае свае абавязальніцтвы па захаванні міжканфесійнага міру і не дапусціць распальвання міжрэлігійнай нецярпімасці. У кантэксце сітуацыі са скандальнай публікацыяй “Мінскай праўды” варта сказаць, што рэдакцыя газеты выйшла за межы дазволенага, што істотна пагоршыла пазіцыю афіцыйных уладаў як у Беларусі, так і па-за межамі краіны.

Не варта таксама забываць тое, што каталіцтва — па факце другая канфесія ў краіне паводле колькасці вернікаў. А калі ўлічваць уплыў гэтай царквы на грамадства, то, магчыма, і першая. Акадэмічны дырэктар даследчага цэнтру BISS Пётар Рудкоўскі, аналізуючы наступствы ад скандалу з карыкатурай, выказаўся пра тое, што і сярод пэўнай часткі функцыянераў улады і сілавікоў яўная правакацыя не знойдзе падтрымкі. Больш за тое, аналітык прагназуе, што пры змене кан’юнктуры людзі каталіцкага веравызнання пры пасадзе ці з пагонамі прыгадаюць аўтарам выпад супраць сваёй царквы. І такі сцэнар не выглядае надта ўжо фантастычным, калі ўлічыць, што беларускія каталікі цэлымі дынастыямі служаць у сілавых структурах. І хоць на гэты момант яны захоўваюць лаяльнасць рэжыму, але многія з іх з’яўляюцца практыкуючымі вернікамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ