Млявасць беларускіх левых на акцыях у падтрымку суверэнітэту



Пытанне незалежнасці беларускай дзяржавы хвалюе грамадства не першы месяц. Многія беларускія дэмакратычныя партыі і рухі абазначылі сваю пазіцыю адносна неабходнасці прыпынення інтэграцыйнага праекту Саюзная дзяржава. Многія апазіцыйныя палітыкі, якія належаць да партый правага спектру, актыўна ўдзельнічалі ў арганізацыі і правядзенні пратэстных акцый, за што ўжо іх сталі пераследваць у адміністрацыйным парадку. На гэтым фоне здзіўляе пазіцыя беларускіх левых партый і арганізацый, якія, мякка кажучы, занялі чакальніцкую пазіцыю.

Праўладныя КПБ і розныя мікраскапічныя чырвоныя арганізацыі, якія ажываюць раз ці два разы на год, каб самім сабе давесці, што яны жывыя, разглядаць не варта. Гэтыя структуры падтрымліваюцца выключна адміністрацыйным чынам і існуюць у парніковых умовах. Але пасля пераменаў непазбежна яны спыняць сваё існаванне па прычыне неактуальнасці іх дзейнасці.

У акцыях у абарону суверэнітэта, калі казаць пра беларускіх левых, прынялі ўдзел прадстаўнікі незарэгістраванай партыі Мікалая Статкевіча “Народная грамада”, таксама не спяць у шапку сацыял-дэмакраты пад кіраўніцтвам Ігара Барысава. Некаторыя анархісцкія лідары кшталту Міколы Дзядка праявілі вялікую актыўнасць у інфармацыйнай сферы, запісаўшы некалькі ёмістых і таленавітых відэа з падрабязным тлумачэннем, чаму патрэбна захаваць незалежнасць. А вось старая гвардыя з партыі “Справядлівы свет” і некаторыя апазіцыйныя палітыкі, набліжаныя да левага флангу, здзівілі невыразнасцю свайго стаўлення, калі не сказаць больш. У лепшым выпадку топавыя фігуры, якія прадстаўляюць сацыялістаў, выказаліся ў стылі: “Лукашэнку выгадныя пратэсты нацыяналістаў, каб умацаваць уладу і пасябраваць з ЕЗ”. На жаль, ад кіраўнікоў адной з самых масавых левых партый “Справядлівы свет” уцямнай і своечасовай рэакцыі на апошнія інтэграцыйныя навіны нідзе заўважна не было. Зрэшты, не сакрэт, што лідар “Справядлівага свету” Сяргей Калякін неаднойчы выказваўся, што ён і яго партыя выступаюць за інтэграцыю з Расеяй. Скажам, не так даўно, у верасні 2019 года, у інтэрв’ю Радыё Свабода гэты апазіцыйны палітык заявіў: “Мы адпачатку выступалі за інтэграцыю і стаялі ля вытокаў стварэньня саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Наша фракцыя ў Вярхоўным Савеце — тады Партыя камуністаў беларуская — акурат была ініцыятарам падпісаньня гэтай дамовы”. Гэтую скандальную заяву, на жаль, не пачулі многія ў беларускім грамадстве, але, здаецца, падобныя выказванні – гэта якраз чырвоная лінія, якая размяжоўвае людзей, што выступаюць за дэмакратычныя перамены ад тых, хто хоча зацягнуць Беларусь у новую няволю.

Пытанне суверэнітэту і незалежнасці Беларусі не павінна выклікаць рознагалоссяў у апазіцыйным лагеры. Гэта падмурак нацыянальнай згоды, на базе якога мусіць выбудоўвацца далейшае развіццё дзяржавы. Калі прадстаўнікі некаторых левых партый і рухаў устараняюцца ад барацьбы за незалежнасць, а ў пэўных выпадках адкрыта выступаюць супраць Беларусі, то ў рэаліях дэмакратычнай краіны ў іх будзе яўна туманная будучыня. І зусім не абавязкова праз забарону камуністычнай ідэалогіі, колькі праз цвярозае стаўленне грамадзянаў да чужародных целаў у палітычнай сферы Беларусі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ