На кожнае дзеянне ёсць супрацьдзеянне
Самым заўважным вынікам віленскай канферэнцыі “Новая Беларусь” стала не столькі стварэнне протаўраду на чале са Святланай Ціханоўскай, колькі заяўка на гатовасць да сілавога варыянту вырашэння беларускага крызісу. Нездарма сярод першых чатырох “міністраў”, прызначаных Святланай Ціханоўскай, двое з’яўляюцца выхадцамі з сілавых структур.
Міліцэйскі падпалкоўнік Аляксандр Азараў працаваў некалі ў тым самым ГУБАЗіКу, які цяпер з’яўляецца перадавым атрадам палітычнай паліцыі рэжыму. У выгнанні ён спрычыніўся да стварэння аб’яднання экс-сілавікоў ByPOL, прадстаўнікі якога займаюцца расследаваннямі гучных справаў супрацоўнікаў сілавога блоку і публікуюць розны кампрамат на праўладных функцыянераў. Менавіта падпалкоўнік Азараў, як вынікае з ягоных функцыянальных абавязкаў, мае ўзначаліць у протаўрадзе накірунак працы з праваахоўнымі органамі ў Беларусі ў пераходны перыяд.
Другая асоба, якая займае фактычна пасаду міністра абароны, – былы камбрыг 38-й дэсантнай брыгады Валерый Сахашчык. Сярод сілавікоў, у тым ліку з генеральскімі пагонамі, гэты чалавек вельмі вядомы і мае аўтарытэт. Яшчэ некалькі год таму з ім рабілі інтэрв’ю галоўныя выданні рэжыму. У 2020 годзе ён нечакана для многіх стаў на бок народу, дамогся вызвалення пратэстоўцаў з берасцейскага СІЗА. Аднак агульнабеларускую вядомасць ён атрымаў пасля рэзананснага відэазвароту да вайскоўцаў, які ён зрабіў у першыя дні вайны РФ супраць Украіны. У гэтым відэа, якое сумарна набрала каля 4 мільёнаў праглядаў толькі на ютубе, ён заклікаў ваенных не ўдзельнічаць у злачыннай вайне, а таксама абмаляваў змрочныя перспектывы беларускага войска ў выпадку ўварвання ва Украіну. Няма сумневу, што менавіта гэты зварот стаў хітом сярод беларускім сілавікоў і ў многім паўплываў на настроі вайскоўцаў.
У сваёй віленскай прамове падпалкоўнік Валерый Сахашчык распавёў пра свой шлях у палітыку і абмаляваў у агульных рысах свае функцыянальныя задачы. Варта сказаць, што палітычны дэбют валявога дэсантніка можна лічыць вельмі паспяховым. Менавіта на ягоных словах пра патэнцыял беларускага супраціву зал узняўся з крэслаў і запляскаў у далоні. Такім чынам, з’яўленне ў протаўрадзе сілавікоў — не столькі прыхамаць офіса Святланы Ціханоўскай, колькі адказ на чаканні грамадства. За два гады з моманту правядзення так званых выбараў беларускі народ неаднойчы выяўляў імкненне да перамоваў і мірнай трансфармацыі рэжыму. Адказам уладаў на шляхетныя намеры людзей сталі жорсткія разгоны мірных акцый, арышты тысяч людзей, бесчалавечнае абыходжанне з затрыманымі, пагрозы, рэпрэсіўнае заканадаўства, вар’яцкая прапаганда, зачыстка незалежных СМІ і прабеларускіх арганізацый. Адпаведна, згодна законам фізікі, у нейкі час у часткі грамадства павінна было ўзнікнуць разуменне неабходнасці стварэння сілавога блоку (на кожнае дзеянне ёсць супрацьдзеянне). У дадзены момант яшчэ ёсць магчымасць мірнага вырашэння канфлікту, але для гэтага патрэбна палітычная воля афіцыйнага кіраўніцтва краіны. Дарэчы, сам падпалкоўнік Сахашчык некалькі разоў падкрэсліў, што сілавы варыянт – крайняя мера, да якой не хацелася б яму звяртацца. Аднак, на жаль, апаненты ўлады маюць абмежаваны ўплыў на сітуацыю ў Беларусі, таму ўся адказнасць за развіццё сітуацыі – на функцыянерах рэжыму і яго сілавіках.