Нафтагазавы канфлікт выходзіць на новы ўзровень



У 2006 годзе, падчас свайго другога прэзідэнцкага тэрміну, кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін у сваіх прамовах пачаў актыўна выкарыстоўваць панятак “энергетычная звышдзяржава”. Пад гэтай дэфініцыяй разумелася не толькі дадзенасць пра тое, што Расея з’яўляецца найбагацейшай у свеце краінай з радовішчамі газу і нафты, але і прэтэнзія гэтай дзяржавы на тое, каб дыктаваць свету свой парадак дня на працэс фармавання коштаў на энерганосьбіты і рэгуляванне рынку ў гэтай сферы. Дарадцы прэзідэнта РФ распрацавалі для свайго шэфа прывабную канцэпцыю, з якой вынікала, што забеспячэнне сусветнага лідарства можна дасягнуць, выціскаючы прыбыткі з сыравіннай эканомікі. Перакананасць у слушнасці такога курсу падсілкоўвала і светавая кан’юнктура коштаў на нафту, якая гарантавала расейскай эканоміцы штогадовы прырост у 4,5 працэнты ў год. У 2010 годзе Расея выйшла на 6-е месца ў свеце па аб’ёму ВУП па ППЗ. Але ўжо ў 2013 годзе рост гаспадаркі запаволіўся ў звязку з падзеннем інвестыцыйнай актыўнасці і структурных праблем. Пасля анексіі Крыма краіны Захаду пачалі санкцыйную палітыку ў дачыненні да РФ, што прывяло да зніжэння тэмпаў росту гаспадаркі. Аднак такія сімптомы не паўплывалі на рашэнне Крамля далей выкарыстоўваць газ і нафту ў якасці палітычнага інструмента ўплыву на залежных ад паставак энергарэсурсаў краін. Беларусь з яе развітай сістэмай газа- і нафтаправодаў, мадэрнізаванымі НПЗ у Мазыры і Наваполацку, сталася адным з аб’ектаў для шантажу з боку “энергетычнай звышдзяржавы”. Пачынаючы з сярэдзіны 2000-х гадоў, мала які год праходзіў у камфортнай для ўладаў Беларусі абстаноўцы ў сферы дамоўленасцяў з расейскім бокам адносна паставак “чорнага золата”. Падпісанне кантрактаў на пастаўку нафты штогод станавіліся ўсё больш праблемнымі і канфліктнымі, што раз-пораз вылівалася ў публічныя выказванні ўзаемных прэтэнзій з боку кіраўнікоў Беларусі і Расеі.

І вось у 2019 годзе супрацьстаянне ў нафтавай галіне паміж Беларуссю і Расеяй дайшло да найбольш вострай фазы. Пасля адмовы РФ кампенсаваць страты ад падатковага манёўра, які, паводле падлікаў экспертаў з МВФ, можа прывесці да запавольвання росту беларускай гаспадаркі, а то і ўвогуле да рэцэсіі, у беларускім урадзе загаварылі пра падвышэнне тарыфаў на транспарціроўку расейскай нафты. А потым і пра тое, што варта шукаць іншых пастаўшчыкоў сыравіны. Алею ў агонь падліў новы амбасадар РФ Міхаіл Бабіч, які, даючы каментар расейскім СМІ, заявіў, што “пагрозы для расейскай нафтавай галіны … няма. Расея штогод экспартуе больш за 260 млн тон нафты, дзе 18 мільёнаў тон прыпадае на Беларусь, што складае каля 7 % ад экспарта”. У перакладзе на больш зразумелую мову гэта азначае, што Расея адмаўляецца субсідыяваць беларускую нафтавую сферу, выгандлёўваючы для сябе нешта вартаснае. Цалкам верагодна, што РФ не намерана адмаўляцца ад рэнамэ “энергетычнай звышдзяржавы”, таму і спрабуе падпарадкаваць сабе беларускую нафтавую галіну з магчымым набыццём мадэрнізаваных НПЗ.

Месяц таму раздражненне сітуацыяй выказаў Аляксандр Лукашэнка, які прапанаваў нафтавікам не пераймацца інтарэсамі РФ, калі паўстане патрэба ў “рамонце” нафтаправода. Адказ Расеі доўга не прымусіў сябе чакаць. 20 красавіка спецыялісты НПЗ у Мазыры заявілі пра тое, што “няякасная расейская сыравіна сапсавала дарагое абсталяванне”. Гаворка ідзе пра ўтрыманне ў нафтавым кактэйлі высокага працэнту хлорарганікі, якая вядзе да падвышанай карозіі. У звязку з аварыйнай сітуацыяй быў спынены транзіт нафты на Захад. 25 красавіка прэтэнзіі да расейскага пастаўшчыка выказалі еўрапейскія партнёры. Такім чынам, перад урадам Беларусі паўстае адразу некалькі выклікаў, на якія трэба знайсці адказ у бліжэйшыя месяцы. Па-першае, з улікам сумнеўнай якасці расейскай нафты гатунку Urals дабіцца сама меней перагляду цаны на пастаўкі сыравіны на больш выгадных для Беларусі ўмовах. Па-другое, пры далейшай эскалацыі ў нафтавай сферы не дапусціць продажу сучасных НПЗ. Па-трэцяе, захаваць партнёрскія сувязі з еўрапейскімі партнёрамі і забяспечыць далейшую прысутнасць на рынках нафтапрадуктаў у краінах ЕЗ і Украіны.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ