Недарэчная сціпласць беларусаў
Паводле апошняга перапісу насельніцтва Беларусі, этнічных рускіх у нас пражывае менш за 10%. Але ўважлівыя аўтамабілісты пацвердзяць: на беларускіх дарогах колькасць аўтамабіляў з трыкалорамі суседняй дзяржавы такая, што часам здаецца, што беларусы – этнічная меншасць у сваёй краіне.
У лепшым выпадку маленькія трыкалорчыкі прымацоўваюцца разам з такім жа маленькім дзяржаўным чырвона-зялёным сцягам дзе-небудзь у непрыкметным куточку. Некаторыя кіроўцы ўвогуле вывешваюць на сваіх жалезных конях такія палотнішчы, што ўвогуле здзіўляешся, як у іх атрымліваецца сачыць праз іх за дарогай. Відаць, кіраваць аўто з імперскай шырмай на шыбе намнога лягчэй, чым без яе.
Зрэшты, у каго як, а ў мяне пастаянна ўзнікае пытанне, што матывуе беларускіх кіроўцаў вывешваць на аўто чужыя сімвалы? Можа быць, трыкалорамі сябе пазначаюць постсавецкія касмапаліты? Альбо гастарбайтары, якія падчас сезонных працаў закахаліся ў Маскву? А, як вядома, вытурыць чалавека з Масквы куды лягчэй, чым з чалавека Маскву. Ці, напрыклад, расейскія трыкалоры вешаюць людзі, якія вераць у светлую будучыню Саюзнай дзяржавы? Але такіх наіўных нават у Крамлі з паходняй не знойдзеш. Застаецца апошняя версія. Беларусы – народ гаспадарлівы і, у прынцыпе, не злы. Усе памятаюць, як пару месяцаў таму назад на вуліцах нашых гарадоў глуханямыя таварышы прадавалі за капейкі расейскія трыкалоры. Не дапамагаць людзям, які маюць праблемы са здароўем, у нас неяк не прынята. Ды і з-за некалькіх тысячаў сямейны бюджэт не збяднее. Набыў сцяжок у глуханямых – атрымаў плюсік у карму. Прыемнае з карысным спалучыў. А далей уключаецца пімпачка беларускай гаспадарлівасці. Калі набыў за пару тысячаў сцяг, хай нават і чужой дзяржавы, не выкідаць жа яго? Вось і вешаюць неразборлівыя суайчыннікі на шыбы імперскія сцяжкі, як некалі савецкія жаўнеры налепкі з венгерскімі прыгажунямі на гітары. Ездзіць сярод такіх „гаспадарлівых” не надта прыемна, бо часам адчуваеш сябе насельнікам паўвыспы Крым.
Беларусы надта сціплыя. Не любяць вылучацца ў натоўпе. А шкада. Глядзіш, калі б болей народу пазначала сябе „Пагонямі”, Б-Ч-Б і стужкамі з арнаментам, то стала б зразумела, што нас насамрэч шмат. І на дарогах у тым ліку.