Непачутая падзяка



Беларуская інтэрнэт-публіка вось ужо каторы тыдзень запар абмяркоўвае серыял тэлеканала HBO “Чарнобыль”. Здаецца, гледачамі былі ахопленыя амаль усе аспекты постчарнобыльскай траўмы: ад забыцця пра подзвіг ліквідатараў да страху перад прадуктамі харчавання з Гомельшчыны. Але на некаторыя пытанні, як і раней, у грамадства сілаў не хапіла. Відаць, яшчэ не надышоў час, каб асэнсаваць многія рэчы, якія незваротна змянілі наш народ.

Пасля падзення СССР у 1991 годзе раптоўна аказалася, што даведзеная да жабрацтва Беларусь і яе народ засталіся сам-насам з чарнобыльскай бядой. Мы не дачакаліся ад Масквы абяцаных “мільярдаў долараў” на мінімізацыю наступстваў тэхнагеннай катастрофы. Зрэшты, вінаваціць выключна расейскі бок у адмове ад абавязальніцтваў не выпадае. Тагачасная камуністычная вярхушка БССР адмовілася ад фінансавых паступленняў з цэнтра імперыі, заявіўшы, нібы тыя піянеры на лінейцы, што беларусы самі дадуць рады. Зразумела, у наступныя гады на чарнобыльскія праграмы ў беларускай дзяржавы грошай катастрафічна не ставала. Але на дапамогу нечакана прыйшлі звычайныя сем’і з еўрапейскіх дзяржаваў, якія на дабрачыннай аснове спрычыніліся да лячэння і аздараўлення сотняў тысяч беларускіх дзяцей.

У 1990-х гадах лідарам па прыёме беларускіх дзяцей з пацярпелых ад радыяцыі рэгіёнаў стала Італія. Гэтая краіна прыняла за ўвесь час, згодна статыстыцы, каля 75 тысяч беларускіх дзетак. Многія з іх неаднойчы пабывалі ў сваіх італьянскіх сяброў у гасцях. За перыяд знаходжання маленькіх беларусаў на Апенінскай паўвыспе дзеці атрымлівалі бясплатны медычны агляд, экалагічнае харчаванне, ездзілі ў турыстычныя вандроўкі па гістарычных мясцінах Італіі, адпачывалі на моры і ў гарах. Па вяртанні з вандровак беларусы ў сваім сэрцы захоўвалі сімпатыю да шчырых італьянцаў, якія з вялікай павагай і сардэчнасцю прымалі іх у сваіх сем’ях. Насуперак шматлікім інсінуацыям, пашыраным у той час у беларускім грамадстве, італьянскія сем’і, якія запрашалі гасцей з Беларусі на аздараўленне, не мелі ніякіх фінансавых стымулаў ад дзяржавы, не атрымлівалі падатковых ільготаў. Італьянцы кіраваліся выключна хрысціянскімі і гуманнымі мэтамі, пашыранымі ў асяроддзі сябраў валанцёрскіх арганізацый.

У пачатку 2000-х гадоў беларуская дзяржава пачала рэфлексаваць адносна таго, ці не нясуць пагрозы разнастайныя чарнобыльскія праграмы аздараўлення дзяцей за мяжой. Ведаю, што на базе некаторых вышэйшых навучальных установаў праводзілася сацыялагічнае даследаванне каштоўнасцей і мадэлей паводзін беларускіх дзяцей, якія адпачывалі ў Італіі. З рэалізатарамі таго даследавання мне нават даводзілася камунікаваць. Тады я быў здзіўлены, калі пачуў гіпотэзу пра “негатыўныя” наступствы ад аздараўлення беларускіх дзяцей у Еўропе. Маўляў, адтуль маленькія беларусы прывозілі не толькі станоўчыя ўражанні і зарад “здароўя”, але і станавіліся больш разняволенымі і некантраляванымі. Не ведаю, ці быў практычны вынік ад таго даследавання. Ці было яно ўвогуле рэалізаванае да канца. Але перакананы, што дзяржаўныя ідэолагі баяліся нездарма. Сапраўды, сотні тысяч беларусаў атрымалі выдатнае пацверджанне таго, што Італія і іншыя еўрапейскія дзяржавы – гэта нашыя сябры. І многія з тых, хто адпачываў у дзяцінстве ў тых дзяржавах, ніколі не павераць у тое, што за “жалезнай заслонай” жывуць абыякавыя і заганныя людзі.

Дарэчы, беларуская дзяржава так і не аддзячыла шматлікім італьянскім сем’ям, якія гасцінна адчынілі дзверы сваіх дамоў для чарнобыльскіх дзяцей. І справа тут не ў адсутнасці грошай – на маласэнсоўныя ІІ Еўрапейскія гульні ў бюджэце сродкі знайшліся. А за куды больш сціплыя выдаткі можна было б забяспечыць візавую падтрымку і ўручыць памятныя медалі ад беларускай дзяржавы італьянскім сем’ям, што прынялі ў свой час беларускіх дзяцей.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ