Непавага да нацыянальных герояў



Ані дня без скандалу. Беларуская дзяржава ўмудраецца на пустым месцы стварыць кропкі напружання, якія і без таго нервуюць раззлаванае грамадства. Шэраг грамадскіх дзеячаў Гарадзеншчыны б’юць у званы з нагоды таго, што Следчы Камітэт можа распачаць працэдуру эксгумацыі і ідэнтыфікацыі парэштак Віктара Каліноўскага на могілках у мястэчку Свіслач. Здаецца, добрая справа, якая, відавочна, звязаная з пытаннем ушанавання нашага нацыянальнага героя Кастуся Каліноўскага ў Вільні. Адмыслоўцы маглі б вывучыць фрагменты касцявога матэрыяла брата правадыра нацыянальна-вызвольнага паўстання, каб канчаткова паставіць кропку ў пытанні, ці насамрэч летась было знойдзенае месца пахавання славутага беларуса. Аднак не ўсё так проста. Абставіны справы, паспешлівасць і неахайнасць выканаўцаў, непразрыстасць дзеянняў Следчага Камітэта наштурхоўваюць на кепскія думкі. А калі дадаць сюды агульны недавер да інстытуцый улады і сілавікоў, то занепакоенасць гарадзенскіх краязнаўцаў выглядае досыць абгрунтаванай.

З паведамленняў СМІ вынікае, што некалькі дзён таму прадстаўнікі Следчага Камітэту наведалі Свіслач, сустрэліся з шэрагам адказных асобаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у бліжэйшы час у гэтае мястэчка прыедзе група следчых, якая зоймецца даследаваннем парэштак з меркаванага пахавання Віктара Каліноўскага. Трэба зазначыць, што гэтая задача не такая ўжо простая не толькі па прычыне таго, што хворы на сухоты брат Кастуся памёр у далёкім 1862 годзе. Справа ў тым, што ў наступныя дзесяцігоддзі змена дзяржаваў і рэжымаў таксама адбілася негатыўна на стане свіслацкага некропаля. У першай палове 1990-х, калі набрала моц новая хваля беларускага адраджэння, у грамадства заканамерна прачнуўся інтарэс да несавецкіх герояў. А адзін з найбольш яркіх персанажаў, безумоўна, кіраўнік вызвольнага паўстання ў Беларусі і Літве Канстанцін Каліноўскі. Землякі ў той час пачалі шукаць любыя месцы памяці, звязаныя з харызматычным паўстанцам. І заканамерна, што вялікая ўвага была нададзеная месцу пахавання старэйшага брата правадыра паўстання, які не мог не паўплываць на фармаванне патрыятычнага светапогляда маладога Канстанціна. Гарадзенскі журналіст Уладзімір Хільмановіч згадвае імя краязнаўцы Аляксандра Палубінскага, які ў пачатку 1990-х гадоў знайшоў разламаны крыж і надмагільны камень. Гэтага чалавека, на жаль, ужо няма сярод жывых. Пазней помнік і крыж аднавіўся высілкамі гарадзенцаў і жыхароў Свіслачы. І цягам наступнай чвэрці стагоддзя дзяржаве да гэтага месца не было справы. А вось неабыякавыя беларусы сачылі за магілай, упарадкоўвалі і праводзілі мерапрыемствы ў гонар паўстанцаў 1863-1864 гадоў. Што праўда, у апошнія гады праваахоўнікі ўвялі практыку штрафаў за ўдзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах у дачыненні да ўдзельнікаў акцый.

І вось дзяржава раптам праявіла зацікаўленасць. Прычым, як звычайна, у канфліктнай манеры. Без шырокага асвятлення працэсу ў СМІ, без абмеркавання сітуацыі з зацікаўленымі прадстаўнікамі грамадскасці, якія даглядалі магілу Віктара Каліноўскага, без супрацы з польскімі і літоўскімі экспертамі. Сітуацыя ўскладняецца яшчэ тым, што парэшткі могуць знаходзіцца ў радыюсе некалькіх метраў ад месца народнага мемарыяла. То бок, вынікам даследаванняў можа стаць таксама знішчэнне альбо апаганьванне месца памяці пра вызвольнае паўстанне, калі так званыя “эксперты” заявяць пра адсутнасць парэштак Віктара Каліноўскага. У любым разе, калі дзяржава мае шчыры намер зрабіць усё прыстойна, то такія дзеянні недапушчальныя. Асабліва на фоне дэкларацый ведамства Уладзіміра Макея аб высокім прадстаўніцтве афіцыйнай дэлегацыі на перапахаванні герояў паўстання ў Вільні.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ