Непазбежнасць адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы



У Беларусі загаварылі пра магчымую адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу. Міністр эканомікі Дзмітрый Круты, выступаючы ў межах VI Форума рэгіёнаў Беларусі і Расеі ў Санкт-Пецярбургу, заявіў пра магчымыя змяненні тэрытарыяльнага падзелу ў Беларусі. Паводле задумы ўладаў, канкрэтныя прапановы па рэформе будуць аформленыя пасля правядзення агульнанацыянальнага перапісу насельніцтва ў 2019 годзе. “Парламентары атрымалі заданне, пакуль што папярэдняе, паглядзець уключна да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу рэспублікі, які ў апошні раз фіксаваўся ў 1960-х гадах і сёння з улікам развіцця, урбанізацыі, дэмаграфіі, міграцыі, натуральна, мае патрэбу ў пэўных карэкціроўках”, — зазначыў Дзмітрый Круты.

У гэтым кароткім паведамленні адлюстраваны намер уладаў адносна магчымых варыянтаў з вырашэннем праблемы дэпрэсіўных рэгіёнаў і адрывам стандартаў жыцця ў сталіцы і астатняй Беларусі. Тое, пра што ўжо гадоў пяць гавораць незалежныя эксперты, нарэшце, стала відавочным і для кіраўніцтва краіны. На гэты момант адрозненні па шэрагу крытэраў (узровень заробкаў, інфраструктура, інвестыцыі, адукацыя, ахова здароўя, бізнес) паміж сталіцай і пазасталымі гарадамі краінамі дасягае крытычнага ўзроўню. Эканаміст Аляксандр Чубрык у артыкуле “Акно магчымасцей ці апошні шанс” прыводзіць лічбы, якія ілюструюць дадзеную праблему: “У 2018 годзе сярэдні заробак па рэгіёнах Беларусі склаў 60-72% ад г. Менска, 57-68% ад расейскага… і каля 31-37% ад польскага”. Відавочна, адсутнасць магчымасцей для забеспячэння годнага ўзроўня жыцця ў правінцыі падштурхоўваюць беларусаў да пошукаў лепшай долі. Менш амбітныя перабіраюцца ў сталіцу, лёгкія на пад’ём спецыялісты самага прадуктыўнага ўзросту выдаткоўваюць свой патэнцыял для развіцця суседніх дзяржаваў, а часам і паспяховых краін Заходняй Еўропы, ЗША, Канады і гэтак далей. Пры адсутнасці перспектываў для самарэалізацыі з рэгіёнаў уцякае моладзь, а самі гарады, насельніцтва якіх не перавышае 80 тысяч чалавек, пераўтвараюцца ў рэзервацыі для пенсіянераў. Калі ў бліжэйшы час не прыняць тэрміновыя меры, то многім рэгіёнам Беларусі пагражае дэградацыя і дэпапуляцыя з усімі негатыўнымі наступствамі.

Хоць у свабодным доступе няма канцэпцыі адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформы, уявіць вектар і рамкі пераўтварэнняў магчыма. Дастаткова паглядзець на тое, як улады спрабуюць “узняць з руінаў” адзін з прыпамежных з Расеяй рэгіёнаў — Оршу. У асноўным дэкларуюцца намеры пра мадэрнізацыю градаўтваральных прадпрыемстваў, гаворыцца пра інвестыцыі, агучваюцца спробы стварэння турыстычных і транпартных класцераў, анансуецца будаўніцтва жылля… Улічваючы айчынны вопыт рэанімацыі “безнадзейна адсталых калгасаў і прадпрыемстваў”, якія вешаюць на баланс больш паспяховых прамысловых гігантаў, можна таксама чакаць, што найбольш дэпрэсіўныя і дробныя раёны проста далучаць да буйных абласных ці раённых цэнтраў. Аднак чакаць рэальных пераменаў, якія маглі б кардынальным чынам выправіць сітуацыю, наўрад ці выпадае. Справа ў тым, што ніякія адміністрацыйна-тэрытарыяльныя рэформы не прынясуць плёну без пераўтварэнняў у сферы мясцовага самакіравання, без дэцэнтралізацыі ўлады, без выбараў мэраў у гарадах і солтысаў у вёсках, без удзелу ў кіраванні суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, без кантролю за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў незалежнымі СМІ. То бок, невыкананне нават гэтага сціплага спісу ўмоваў не дасць станоўчага эфекту.

Беларусь таксама нясе цяжар ад няўдалай рэформы 1960-х гадоў. Сумнеўным з пункту гледжання сённяшняга дня з’яўляецца дзяленне беларускіх рэгіёнаў на 6 абласцей, у якіх, напрыклад, аддалены ад Магілёва амаль 220-тысячны Бабруйск па статусе роўны 8-тысячнаму Кіраўску. Той жа Бабруйск пры іншых абставінах мог бы быць самастойным цэнтрам вобласці ці ваяводства, прыцягваць чалавечыя і фінансавыя рэсурсы. Тое ж самае датычыць некалькіх іншых гарадоў 200-тысячнікаў, якія маглі б стаць новымі абласнымі цэнтрамі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ