Новая кааліцыя напярэдадні выбараў
Нечакана для ўсіх удзельнікаў так званага выбарчага працэсу ў Беларусі штабы трох найбольш папулярных прэтэндэнтаў аб’ядналіся. Кіраўнікі арганізацыйных структур Віктара Бабарыкі, Валерыя Цапкалы і Святланы Ціханоўскай зрабілі тое, што не маглі даўно ажыццявіць прадстаўнікі традыцыйнай апазіцыі і чаго яўна не чакалі ўлады. Хоць пра дэталі аб’яднання вядома на гэты момант мала чаго, але, без усялякага сумневу, гэта добрая навіна для прыхільнікаў пераменаў. І вельмі кепскі сігнал для кіраўніка дзяржавы. Аб’яднанне “новай апазіцыі” грунтуецца на 5 пунктах: заклік грамадзянаў да ўдзелу ў выбарах, вызваленне палітычных і эканамічных вязняў, правядзенне паўторных сумленных выбараў пасля перамогі, абарона галасоў выбарцаў, заклік да ўдзелу ў назіранні. З пералічаных пунктаў толькі адзін пункт патрабуе дадатковага тлумачэння і выклікае супрацьлеглыя рэакцыі ў грамадзянаў.
Заклік да ўдзелу ў выбарах – бадай што асноўны пункт, вакол якога ламаюцца дзіды апанентаў улады. Многія з прадстаўнікоў традыцыйных апазіцыйных структур крытычна ставяцца да выбарчай стратэгіі штабоў Бабарыкі і Цапкалы, якія паслядоўна заклікалі грамадзянаў ісці на выбары. Асноўная аргументацыя апанентаў заключаецца ў тым, што байкот – эфектыўны сродак дэлегітымізацыі рэжыму. Маўляў, калі ніхто не прыйдзе на выбарчыя ўчасткі, народ дазнаецца, што “кароль голы”. Вось толькі стратэгі, якія дзесяцігоддзямі выступаюць за байкот, уцямна не могуць патлумачыць, як нізкая яўка на выбарчых участках прывядзе да палітычных пераменаў. Ігнараванне грамадзянамі выбараў – гэта і так тэндэнцыя, якая становіцца ўсё больш заўважнай з кожнай выбарчай кампаніяй. Так што, для беларусаў ніякай навіны няма ў тым, што ставіцца да афіцыйных лічбаў трэба, мякка кажучы, з доляй недаверу. Аднак народны скепсіс, як паказвае гісторыя апошніх дваццаці год, не перарастае ў нешта большае. Гэта значыць, у прапанаванай стратэгіі ёсць адна істотная хіба: няўдзел не прыводзіць да палітычных пераменаў. А калі ўлічыць, што ў беларускіх умовах паўнавартасны байкот арганізаваць практычна немагчыма праз мільёны бюджэтнікаў, сілавікоў, чыноўнікаў і іншых залежных ад дзяржавы грамадзянаў, а таксама праз наяўнасць спойлераў-зазывалаў, то рэалістычнасць такога плану можна адразу ставіць пад сумнеў.
Прыхільнікі байкоту, якія гавораць пра тое, што пры аўтарытарызме выйграць у выбарах немагчыма, маюць часткова рацыю. Але выбары, калі грамадзяне прымаюць у іх актыўны ўдзел і масава падтрымліваюць альтэрнатыўных кандыдатаў, могуць стаць трыгерам для палітызацыі масаў, што вядзе да расколу праўладных эліт. У ідэале гэта прыводзіць да перамоваў, мэтай якіх становяцца сумленныя выбары пасля перамогі дэмакратычных сілаў. А хіба не гэта ёсць канчатковай мэтай прыхільнікаў байкоту?
Адметна, што штабы трох прэтэндэнтаў паразумеліся адносна неабходнасці правядзення дэмакратычных выбараў пасля перамогі над аўтарытарызмам. Гэты пункт – добры стымул для таго, каб у палітычную кампанію уліваліся прыхільнікі нацыянальна-дэмакратычных сілаў. Зразумела, што ва ўмовах канкурэнтных і справядлівых выбараў, беларускія патрыёты будуць таксама мець свайго кандыдата, які атрымае шанец стаць другім прэзідэнтам Беларусі.