Новы лозунг „Бухай беларускае!”
Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба бырла ў кавярнях бухаць. Беларускі ўрад вырашыў падвысіць градус патрыятызму абывацеляў спецыяльнай пастановай, паводле якой рэстаратары абавязваюцца павялічыць колькасць найменняў айчынных алкагольных напояў.
Калі раней для адводу вачэй разнастайных правяральнікаў у меню установаў харчавання было некалькі гатункаў піва і беларускай гарэлкі, то цяпер кавярні вышэйшай катэгорыі павінны мець у асартыменце ажно 54 віды беларускіх алкагольных напояў. У тым ліку 7 відаў лікёраў, 8 варыянтаў шампанскага, 8 назваў беларускага віна, 8 – каньяку (альбо брэндзі) і 23 віды гарэлкі. Беларускія рэстаратары могуць ісці шукаць новую працу, бо яны і не падазравалі раней пра такую багатую палітру айчыннага алкаголю. Асабліва забаўна ў гэтым спісе выглядаюць рэкамендаваныя прапорцыі пітва. Алкагольныя перавагі распрацоўшчыкаў пастановы, так бы мовіць, бачныя няўзброеным вокам. Шматразовыя пераможцы зялёнага цмока ведаюць галоўнае правіла ўдалых п’янак: заўжды падвышай градус. Адсюль і прапорцыя: 7 відаў лікёраў, па 8 шампусікаў, віна і брэндзі. Але гарэлкі – ажно 23 віды.
Калі сур’ёзна, пазнавальнасць брэндаў беларускага брэндзі ці айчыннага вінаграднага віна ў народзе знаходзіцца дзесьці на ўзроўні шматразовага прэтэндэнта ў прэзідэнты Віктара Цярэшчанкі. То бок зусім ніякая. Што да уласнікаў рэстарацыяў, то ім, каб рэалізаваць аб’ёмы спушчанага зверху алкаголю, давядзецца наведнікам гвалтам за каўнер заліваць. Альбо праводзіць рэкламныя акцыі ў стылі: выпі бутэльку айчыннага шмурдзяка, атрымай келіх „Марціні” за паўцаны. Уяўляю сабе спецыяльную суперпрапанову якой-небудзь гламурнай рэстарацыі: фуа-гра і келіх „Савецкага шампанскага” альбо карэ альпійскага ягняці пад цудоўнае шклоўскае паўсалодкае віно. Ад адной толькі фантазіі выпрацоўваецца сліна. Адчуваеце?