Па блакаванні наземных пунктаў пропуска на мяжы з Беларуссю
Адзін з лідараў палітычнай эміграцыі Павал Латушка прапанаваў фармат акцыі, які не змогуць праігнараваць афіцыйныя ўлады. І, што самае важнае, гэты фармат прадугледжвае актыўнасць саміх беларусаў, а не толькі пасіўнае чаканне знешняй дапамогі. Гаворка ідзе пра блакаванне для грузавога транспарту двух памежных пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы. Павал Латушка гаворыць, што акцыя пачнецца 5 чэрвеня. Блакаванне будзе адбывацца, зразумела, з польскага боку мяжы.
Ініцыятары блакавання мяжы дасылаюць два ясныя месыджы ўладам і грамадству. Па-першае, яны заклікаюць лідараў свабоднай Еўропы перайсці да рэальных санкцый у дачыненні да рэжыму, які дапускае катаванні і рэпрэсіі ў дачыненні да мірных грамадзян. Па-другое, перакрыццё дарогі для грузавога трафіка павінна пасадзейнічаць адкрыццю наземных межаў у Беларусі. Калі дасведчаны ў пытаннях функцыянавання дзяржавы чалавек, якім з’яўляецца Павал Латушка, прапаноўвае падобную акцыю, значыцца, ён прыблізна ўяўляе сабе наступствы ад гэтага кроку. Што да ўзмацнення еўрапейскіх санкцый, то такі ўдар, безумоўна, будзе балючым для рэжыму. Аднак, сыходзячы з разумення таго, наколькі цяжка разварушыць еўрабюракратыю, падобная задума выглядае дастаткова ўтапічнай. Больш за тое, у беларускім грамадстве няма адзінства адносна таго, ці варта ўзмацняць эканамічныя санкцыі, якія пагоршаць жыццё звычайных беларусаў і падштурхнуць краіну ў абдымкі Расеі. Адпаведна, першы месыдж дадзенай акцыі – вельмі супярэчлівы. Можна не сумнявацца, што ў інфармацыйным супрацьстаянні ўлада будзе акцэнтаваць менавіта на тым, што блакаванне дарог ударыць, у першую чаргу, па беларускім насельніцтве.
Што да другога пасылу, то трэба зазначыць, што спроба перакрыць рух тавараў праз заходнюю мяжу выклікае шалёную рэакцыю прапаганды і функцыянераў. Яны гатовыя ахвяраваць канстытуцыйнымі правамі ўласных грамадзян дзеля палітычнай мэтазгоднасці, але ні ў якім разе не пацерпяць перасыхання фінансавага ручая. А спыненне трафіку грузавых аўтамабіляў на мяжы ЕЗ-Беларусі, відавочна, нанясе моцны ўдар па сістэме. З пункту гледжання беларусаў, якія да падзей 2020 года былі адной з самых мабільных нацый у рэгіёне і лідарамі паводле колькасці атрыманых шэнгенскіх віз на душу насельніцтва, закрыццё дзяржаўнай мяжы ў лістападзе 2020 года – незаконнае і непапулярнае рашэнне. У Беларусі наўрад ці знойдзецца хоць адзін адэкватны чалавек, які паверыць у тое, што забарона на выезд грамадзянаў прадыктаваная клопатам пра здароўе насельніцтва на фоне пандэміі каронавірусу. Адпаведна, калі арганізатарам блакавання ўдасца давесці, што галоўным патрабаваннем акцыі з’яўляецца менавіта адкрыццё наземных пунктаў пропуска для грамадзян, то такая ініцыятыва знойдзе водгук у большасці насельніцтва краіны. Асабліва сярод жыхароў прыпамежных рэгіёнаў.